Мілінкевіч абвясціў сябе лідарам праеўрапейскіх сіл Беларусі

02.08.2010 09:48
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, які плануе балатавацца на пасаду прэзідэнта Беларусі на будучых выбарах, заявіў аб тым, што бярэ на сябе ролю лідара прабеларускіх праеўрапейскіх сілаў. Па словах палітыка, ён хацеў бы аб'яднаць людзей, якім не ўсё роўна, дзе будзе Беларусь і які шлях развіцця яна абярэ.

Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што Беларусь можа быць Беларуссю і захаваць свае мову і культуру толькі ў Еўрапейскім Саюзе. У адваротным выпадку, па ягоных словах, Беларусь будзе змагацца за выжыванне, за існаванне, «як гэта адбываецца сёння». Для таго каб гэтага не адбылося, адзначыў апазіцыйны палітык, неабходна, прыцягнуць новых людзей і мець добрыя праграмы перабудовы Беларусі, перадае БелаПАН.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі лічыць, што цяпер сітуацыя ў краіне моцна адрозніваецца ад сітуацыі 2006 года, бо да праблемаў з дэмакратыяй дадаліся вялікія праблемы з захаваннем незалежнасці. «Акрамя таго, апазіцыя ў 2006 годзе была нядрэнна аб’яднаная, а сёння аб’яднання пакуль не выходзіць«, — дадаў Аляксандр Мілінкевіч.

У цяперашні час адной з найважнейшых мэтаў для дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч бачыць не столькі падрыхтоўку да цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў, якіх, па словах экс-кандыдата, «на самой справе няма», колькі да выбараў, якія абвесцяць пасля таго, як «улада вымушаная будзе сысці».

«Вось на тых — дэмакратычных — выбарах будзе вырашацца вельмі шмат, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. — І мы павінны рыхтавацца да таго, што будзе на свабодных выбарах: аб’ядноўвацца, умацоўваць нашыя сілы, структураваць іх, прыцягваць моладзь і гэтак далей».

Як раней паведамляў Тэлеграф, у ініцыятыўную групу лідара Руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча ўвайшло ўжо больш за тысячу чалавек, якія пісьмова далі згоду збіраць подпісы за вылучэнне палітыка кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы. Усе, хто  падпісаўся, а іх 1023 чалавека, з’яўляюцца актывістамі Руху «За Свабоду» і тымі, хто пастаянна супрацоўнічае з рухам.

Как вам новость?
Головоломки