Мілінкевіч: апазіцыі патрэбная перамога "ў галовах людзей"

12.07.2010 11:24
Архив Редакция

Лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што для перамогі на прэзідэнцкіх выбарах апазіцыі неабходна заваяваць давер тых выбаршчыкаў, якія хочуць пераменаў у краіне. «Нам патрэбная перамога «у галовах людзей», — адзначыў апазыцыйны палітык.

Лідары руху правялі сустрэчу з жыхарамі Гомеля, падчас якой прадставілі тэзісы праграмы кандыдата ў прэзідэнты «Зробім Беларусь сапраўднай Еўропай», паведамляе прэс-служба Аляксандра Мілінкевіча.

У сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч закрануў пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі. На яго думку, цяпер «ёсць сур’ёзныя пагрозы эканамічнаму суверэнітэту, аднак ёсць і сур’ёзныя шанцы на перамены». Лідар руху заявіў, што ЕС не будзе мяняць стратэгію дыялогу з беларускімі ўладамі, але, верагодна, адкарэктуе методыку і тактыку гэтага працэсу.

Намеснік кіраўніка Руху «За Свабоду» Віктар Карнеенка, у сваю чаргу, адзначыў, што ў ініцыятыўную групу Аляксандра Мілінкевіча ўжо запісалася больш за тысячу чалавек. У цэлым плануецца сабраць групу з пяці тысячаў актывістаў.

Па словах каардынатара Руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласці Пятра Кузняцова, у рэгіёне Аляксандр Мілінкевіч карыстаецца падтрымкай насельніцтва. Па выніках сустрэчы пісьмовыя заяўкі на ўключэнне ў ініцыятыўную групу падалі больш за 80 чалавек.

Как вам новость?