Мілінкевіч: Беларусі не патрэбныя рэгулярныя сваркі з Расіяй

23.06.2010 13:47
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч выказаў сваю пазіцыю наконт газавага канфлікту паміж Беларуссю і Расіяй. У прыватнасці палітык лічыць, што нашай краіне патрэбны "прагматычныя добрасуседскія і ўзаемавыгадныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй, а не рэгулярныя сваркі, непрадказальнасць і канфрантацыя".

Як заявіў Аляксандр Мілінкевіч, «толькі рынкавае рэфармаванне эканомікі і яе мадэрнізацыя з дапамогай цывілізаваных краінаў, у першую чаргу ЕС, дэмакратызацыя і павага да эканамічных, палітычных і грамадзянскіх правоў беларусаў, а таксама нацыянальнае адзінства і згода здольныя стварыць моцны падмурак для захавання незалежнасці і росквіту беларускай дзяржавы», паведамляе прэс-служба Руху «За Свабоду».

На думку палітыка, апошнія падзеі вакол запазычанасці нашай краіны перад «Газпромам» і наадварот, «Газпрома» перад Беларуссю адлюстроўваюць «сур’ёзны крызіс у палітычных адносінах паміж кіраўніцтвам дзвюх дзяржаў».

«У той жа час, усім відавочная поўная нежыццяздольнасць пабудаванай у Беларусі камандна-адміністрацыйнай эканамічнай мадэлі ва ўмовах дзейнасці нармальных рынкавых механізмаў і рэальных коштаў на энерганосьбіты», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Как вам новость?
Головоломки