Мілінкевіч: Еўрапарламент прыме "рэзалюцыю страчаных магчымасцяў"

19.01.2011 12:14
Архив Редакция

Канчатковае рашэнне па мерах ЕС адносна Беларусі прыме Еўракамісія, аднак часткова пункты рэзалюцыі Еўрапарламенту, якую плануецца падпісаць 20 студзеня, могуць быць увасоблены ў канкрэтныя дзеянні, лічыць лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Тым не менш, ён разглядае гэты дакумент як «рэзалюцыю страчаных магчымасцяў».

На думку палітыка, «гаворка там будзе ісці не пра бізун, а аб страчаным перніку — страчаных магчымасцях для мадэрнізацыі краіны праз спыненне фінансавай дапамогі і замарозкі ўдзелу ва «Усходнім партнёрстве». «І персанальная адказнасць за гэта ляжыць на ўладзе», — цытуе Аляксандра Мілінкевіча яго прэс-служба.

Ён мяркуе, што выключэнне Беларусі з буйных спартовых спаборніцтваў досыць імаверная, хаця само рашэнне аб гэтым будзе прымаць не Еўракамісія, а міжнародныя спартыўныя таварыствы па яе рэкамендацыі.

«Ёсць адносна свежы прыклад. Такая санкцыя прымалася ў свой час супраць Мілошавіча, калі на фінал чэмпіянату Еўропы па футболе ў 1992 годзе замест Югаславіі паехала Данія. Гэта моцная рэзанансная мера. І заўзятары, і спартоўцы будуць разумець, што гэта не Захад ізалюе нас, а гэта пакаранне за парушэнне правоў чалавека», — кажа лідар Руху «За Свабоду».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 17 студзеня ў Страсбургу пачалася Пленарная сесія Еўрапейскага парламенту, на якой плануецца прыняць рэзалюцыю па сітуацыі ў Беларусі. Як заявіў пасля зносін з аўтарамі праекту дакумента галоўны рэдактар расійскай «Новай Газеты» Дзмітры Муратаў, рэзалюцыя прадугледжвае «беспрэцэдэнтныя» санкцыі ў дачыненні да ўладаў Беларусі.

Как вам новость?