Мілінкевіч: еўрапейцам нельга заплюшчыць вочы з дапамогай «рэалпалітык»

05.01.2011 16:43
Архив Редакция

Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, назваў рашэнне Еўрасаюза аб увядзенні забароны для беларускіх чыноўнікаў уязджаць у краіны ЕС "адэкватнай рэакцыяй". Палітык адзначае, што сітуацыя прааналізавана правільна, аднак беларусам «варта спадзявацца не толькі на садзейнічанне з боку Еўропы, але перш за ўсё на сябе».

Таксама і беларускім уладам не выпадае разлічваць, што еўрапейцам можна «заплюшчыць вочы» правядзеннем «рэалпалітык».

«Беларусь адкінутая ў адносінах з дэмакратычным светам на дзесяць гадоў таму. Рэжым супакойвае сябе і грамадзян: сцерпіцца — злюбіцца. Але не. Такога прэцэдэнту яшчэ не было ў сучаснай гісторыі Еўропы: яшчэ выбары не скончыліся, а кандыдаты ў прэзідэнты са сваімі штабамі ўжо збітыя і змешчаныя ў турму КДБ. Дзікае для еўрапейца тлумачэнне, што невядомыя правакатары выбілі шыбы ў вокнах і знішчылі дзверы Дома ўрада. А чаму тады апазіцыйным палітыкам пагражае да 15 гадоў турмы?» — заявіў у інтэрв’ю прэс-службе Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

На яго думку, Аляксандр Лукашэнка перакананы, што масавае збіццё мірных дэманстрантаў, арышты амаль 700 грамадзян, ператрусы і канфіскацыю маёмасці ў еўрапейцы «праглынуць» і зноў пачнуць шукаць кантакты з беларускімі ўладамі.

«Прыедуць, паклоняцца, бо геапалітыка прымусіць, тая самая «рэалпалітык». Як жа іх эканоміка без нас? Маўляў, інтарэсы транзіту вышэй за правілы маралі. Аднак памылачка выходзіць: там у іх улада выбіраецца рэальна. Кожны палітык разумее, што калі ён пойдзе — нават дзеля эканомікі сваёй краіны — на саступкі «апошняй дыктатуры», яго не абяруць наступным разам. Выбары ў дэмакратычным свеце — вялікі чысцец, народны суд, выхавальнік палітыкаў. Плюс свабодныя медыя. Ды яшчэ апазіцыя ў парламенце сядзіць і ўвесь час крытыкуе. Нестыковочка выходзіць: тут Бацька ўсіх прыкрые, там народ вырашыць. Не працуе наша логіка, калі гаворка аб іх», — растлумачыў Аляксандр Мілінкевіч.

Палітык таксама лічыць, што «пакаранне чакае» і простых беларускіх грамадзян, а не толькі ўладу краіны, паколькі кожны лічыць немагчымым дамагчыся свабоды ў адзіночку.

«Нас чакае суровае пакаранне за нежаданне ўладаў слухаць, вучыцца, думаць. Пакаранне за тое, што мы ў асноўным працягваем жыць са словамі: «А што магу я адзін?» Але мы можам, таму што нас шмат, а гэтая ўлада ўсё больш і больш дзейнічае сама па сабе», — падкрэсліў лідар руху «За Свабоду».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 4 студзеня міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што Еўрасаюз можа аднавіць дзеянне забароны на ўезд у краіны супольнасці для прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і іншых беларускіх дзяржчыноўнікаў, вінаватых у арыштах удзельнікаў дэманстрацыі апазіцыі пасля выбараў. Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, назваў рашэнне Еўрасаюза аб увядзенні забароны для беларускіх чыноўнікаў уязджаць у краіны ЕС «адэкватнай рэакцыяй». Палітык адзначае, што сітуацыя прааналізавана правільна, аднак беларусам «варта спадзявацца не толькі на садзейнічанне з боку Еўропы, але перш за ўсё на сябе».

Как вам новость?
Головоломки