Мілінкевіч: ЕС можа прызнаць легітымнасць выбараў

29.10.2010 13:46
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што прызнанне Еўрасаюзам прэзідэнцкіх выбараў легітымнымі цалкам магчымая. Пры гэтым палітык упэўнены, што з боку Захаду і ЕС не будзе якіх-небудзь саступак для дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

«Увайсці ў Еўропу з чорнага ходу не атрымаецца. Інтэграцыя, значнае паляпшэнне стасункаў магчымае толькі пры выкананні ўмоваў, якія даўно агучаныя і ўсім вядомыя», — цытуе Аляксандра Мілінкевіча «n#####n».

«Я думаю, што ў ЕС цяпер ёсць расчараванне ад стасункаў з Беларуссю, — сказаў палітык. — Была надзея, што іх удасца значна палепшыць, але гэтага не адбылося. З іншага боку паляпшэнне стасункаў з нашай краінай па-ранейшаму застаецца для Еўропы важным кірункам. Хутчэй за ўсё, гаворка будзе тычыцца выбараў. І ЕС, і мы ўсё настойваем на тым, што пакуль у краіне няма празрыстых і свабодных выбараў, нельга будаваць дэмакратыю».

«На маю думку, у такі момант нельга таксама забываць аб правах чалавека. У Беларусі ёсць палітвязні, пастаянна парушаюцца правы асобы, пра гэта таксама трэба гаварыць», — дадаў лідар Руху «За Свабоду».

Аляксандр Мілінкевіч нагадаў таксама, што нядаўна ў Варшаве адбылася сустрэча міністраў замежных спраў Польшчы і Расіі Радаслава Сікорскага і Сяргея Лаўрова. «Акурат напярэдадні візіту першага ў Мінск. Хіба не сведчыць гэта пра існаванне дамоўленасцяў паміж ЕС і Расіяй на тэму Беларусі? Я лічу, што Беларусь — не настолькі важнае месца ў Еўропе, каб такія сустрэчы тычыліся толькі нас. І нават у дачыненні да нашых суседзяў мы займаем не самае галоўнае месца», — мяркуе Аляксандр Мілінкевіч.

Па словах палітыка, ЕС цяпер прыкладае намаганні для развіцця адносін з Расіяй і сустрэча ў Варшаве добра пра гэта сведчыць. «Вядома, тэму Беларусі маглі абмяркоўваць, але пра існаванне пэўных дамоўленасцяў паміж ЕС і Расіяй на тэму Беларусі казаць не варта», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Как вам новость?
Головоломки