Мілінкевіч "гатовы і хоча" ісці ў прэзідэнты

18.03.2010 15:57
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч выказаў гатовасць удзельнічаць у выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2011 годзе. Па словах палітыка, сваё канчатковае рашэнне пра ўдзел у выбарах ён паведаміць пазней. "Не думаю, што вельмі важна як мага раней сказаць пра тое, што ты ідзеш на выбары. Магу сказаць, што я гатовы і хачу. Але ці буду балатавацца, скажу ў маі", — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Лідар Руху «За Свабоду» таксама пракаментаваў заяву Андрэя Саннікава, які выказаўся пра свой удзел у будучых прэзідэнцкіх выбарах, пра тое, што Еўрасаюз павінен прызнаць памылковай сваю цяперашнюю палітыку ў дачыненні да Беларусі, паведамляе «n#####n».

«Я лічу, што палітыка Еўрасаюза неэфектыўная, а не памылковая, — заявіў Аляксандр Мілінкевіч. — Не бачу пазітыўную альтэрнатыву сённяшняму дыялогу. І калі хтосьці скажа, што дыялог трэба спыніць, хацелася б пачуць, якую палітыку ён прапануе. Трэба ўдасканальваць дыялог і шукаць прылады, каб прымусіць уладу рабіць крокі па лібералізацыі».

Па словах палітыка, трэба шукаць новыя «больш эфектыўныя метады супрацоўніцтва ў пытаннях незалежнасці». «Улада не будзе змагацца за незалежнасць. Яна будзе змагацца толькі за сваю ўладу. Зараз, магчыма, не такая вялікая пагроза страты палітычнай незалежнасці, але ёсць пагроза страты незалежнасці эканамічнай», — лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

Лідар Руху «За Свабоду» ўпэўнены, што «не маючы эканамічнай бяспекі, не будзе і палітычнай незалежнасці, не будзе правоў чалавека, беларускай мовы».

Как вам новость?