Мілінкевіч: лібералізацыя праходзіць толькі ў Мінску

08.10.2010 12:53
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што палітычнай лібералізацыі ў краіне не адбылося — яна распаўсюджваецца толькі на Мінск і зроблена толькі для міжнароднай супольнасці. "Раней былі рэпрэсіі ўсюды, цяпер у сталіцы для АБСЕ і іншых ствараецца спрыяльная карціна", — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

«У Мінску ўсё значна ліберальней, проста разгул дэмакратыі: дзе хочаш, там і збірай подпісы, ніхто не замінае. А ў раёнах ідуць вельмі моцныя рэпрэсіі. Прыязджаюць людзі, напрыклад, з Астраўца, і кажуць, што там тых, хто не падпісаўся за Лукашэнку, выклікае дырэктар. Пытае: маўляў, як гэта ты дзяржаву не падтрымліваеш? Вось такая розніца», — распавёў беларускі палітык.

Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што выбары прэзідэнта сёлета не атрымаецца правесці больш дэмакратычна, чым папярэднія. «Таму што для мяне крытэр адзін — лічым галасы разам або не лічым», — растлумачыў лідар Руху «За Свабоду».

«Што тычыцца людзей, то настрой такі: большасць тых, хто падпісаўся кажуць, што, маўляў, мы не ведаем гэтых (апазіцыйных) кандыдатаў, але краіне патрэбныя перамены. Людзі хочуць пераменаў. Нават тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку (дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку — Тэлеграф). Хаця большасць разумее, што рэальнага падліку галасоў не будзе, але ўсё ж кажуць дзякуй за тое, што мы ёсць. Хаця б ёсць выбар», — цытуе Аляксандра Мілінкевіча «Ежедневник».

Мілінкевіч: не трэба купляцца на гульню ў палітыку

«Улада будзе паказваць, што ёсць лібералізацыя. Яны выканаюць абяцанні, падпусцяць бліжэй, чым на дзесяць метраў, назіральнікаў. Я лічу, што ніхто не павінен купляцца на гульню ў палітыку. Павінна быць сапраўдная канкурэнцыя. Гэта вельмі патрэбна краіне, а не апазіцыі або Мілінкевічу», — расказаў лідар Руху «За Свабоду».

Аляксандр Мілінкевіч падкрэсліў, што нельга пакідаць парушэнні без належнай рэакцыі. «Калі ёсць парушэнні, то абавязкова трэба іх адзначаць: заяўляць ў ЦВК, звяртацца ў прэсу, да назіральнікаў. Мы не можам хадзіць на прывязі. Маўчаць з гэтай нагоды нельга. У рэгіёнах, дзе ўсё лёгка праглядаецца і караецца, людзі баяцца актыўна падпісвацца за альтэрнатыўных кандыдатаў. Там страх», — канстатаваў апазіцыйны палітык.

Как вам новость?
Головоломки