Мілінкевіч: Лукашэнка дачакаецца прымусу да дыялогу на маршы пустых каструляў

24.05.2011 13:05
Архив Редакция

Сёння беларускія ўлады павінны пайсці на перамовы са сваімі палітычнымі апанентамі. Пра гэта заявіў кіраўнік Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. "Калі Лукашэнка клапоціцца не толькі аб уласнай уладзе, але і аб краіне, ён павінен ісці на дыялог. А то дачакаецца, як з дэвальвацыяй, што народ вымусіць яго да гэтага на маршы пустых каструляў", — сказаў ён.

«Або Масква скарыстаецца крызісам і танна купіць стратэгічныя прадпрыемствы. Мы не маем права дапусціць, каб наша Айчына стала расійскай правінцыяй. Прымусіць ўлады пайсці на дыялог — гэта тая мэта, якая можа тут і цяпер кансалідаваць апазіцыю. Напрыклад, з Уладзімірам Някляевым (экс- кандыдатам у прэзідэнты — Тэлеграф) мы гаворым пра гэта ў адзін голас, хоць у нас на многае розныя погляды», — цытуе Аляксандра Мілінкевіча яго прэс-служба.

Ён адзначыў, што калі фігуранты «справы 19 снежня» і былыя кандыдаты Мікалай Статкевіч і Дзмітры Ус выйдуць з будынка суда свабоднымі людзьмі, то гэта «добры знак, які сведчыць, што знешні ціск па праблеме палітвязняў дае плён».

Мілінкевіч: ад курсу даляра Нацбанка не было нават палітычнай выгады

«Нацбанк пайшоў нарэшце на дэвальвацыю, хоць гэта трэба было зрабіць некалькі месяцаў таму. Негатыўных наступстваў і для эканомікі краіны, і для дабрабыту насельніцтва было б менш. Які быў сэнс трымаць неадэкватны нацбанкаўскі курс рубля да даляра і еўра — незразумела! Нават палітычнага выніку, што ўсё, маўляў, стабільна, за апошнія тыдні не было ад гэтага. Значыць, камусьці гэта было выгадна», — лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

«Кошты на некаторыя прадукты выраслі так, што шакуюць. Грэчка па 20 тыс. рублёў — проста ганьба! Заробкі, «напампаваныя» перад выбарамі, «здзьмуліся». Эканоміка не слухаецца дэкрэтаў і не трывае бясконцага папулізму», — заявіў ён.

Палітык таксама нагадаў, што прэзідэнт краіны не даў беларускім грамадзянам ніякіх тлумачэнняў на конт дэвальвацыі, а замест гэтага з’ехаў у Казахстан. «У краіне выключная сітуацыя — абвяшчаецца дэвальвацыя, але замест звароту да насельніцтва, замест тлумачэнняў і прабачэнняў кіраўнік краіны з’язджае з Беларусі», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

«Улады да гэтага часу не кажуць уголас аб маштабным і сістэмным крызісе, не робяць аналізу сітуацыі і не прапаноўваюць выхаду. Замест гэтага — андропўшчына, каб утаймаваць сацыяльную напружанасць. Хлусня змешваецца з цынізмам: у крызісе вінавацяць народ — «за пакупніцкі і валютны ажыятаж. Як тут даверу народа да ўладаў не ўпасці ніжэй за плінтус!?» — падсумаваў палітык.

Как вам новость?
Головоломки