Мілінкевіч: Лукашэнка можа сысці праз эканамічныя складанасці

22.09.2010 11:05
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што ў найбліжэйшай будучыні ў Беларусі існуе два варыянты развіцця падзей. "Альбо Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці са сваёй пасады праз празмерныя эканамічныя складанасці. Альбо ён вырашыцца на дэмакратычныя рэформы дзеля супрацоўніцтва з ЕС", — заявіў апазіцыйны палітык.

«Беларусь знаходзіцца на парозе сур’ёзных эканамічных складанасцяў», — лічыць Аляксандр Мілінкевіч. Паводле яго слоў, краіна не зможа вярнуць датацыі Расіі пры пастаўках нафты, якія забяспечвалі высокія даходы з нафтаперапрацоўкі. Таксама, лічыць палітык, у хуткім часе Беларусі давядзецца плаціць за газ па сусветнай цане, а сітуацыя з экспартам будзе пагаршацца, перадае «Время новостей».

«Эканамічныя праблемы будуць нарастаць. Адзіным спосабам захавання стабільнасці з’яўляецца мадэрнізацыя эканомікі. Яна магчымая ў выпадку пашырэння супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, якое наўрад ці будзе наладжана без правядзення ў Беларусі дэмакратычных пераўтварэнняў», — патлумачыў Аляксандр Мілінкевіч.

Мілінкевіч: выбары не вырашаць лёс Беларусі

У той жа час апазыцыйны палітык лічыць, што лёс Беларусі на будучых прэзідэнцкіх выбарах не вырашыцца. «Хутчэй за гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя некалькі гадоў», — патлумачыў Аляксандр Мілінкевіч. Разам з тым, палітык лічыць, што на выбарах «усё будзе вырашацца ўнутры краіны, прычым рашэнне будзе прымаць не народ, а ўлада», а ўплыў Расіі на выбары ў Беларусі «далёкі ад абсалютнага».

«Масква аказвае ціск на Аляксандра Лукашэнку. Ідзе інфармацыйная вайна, перыядычна ўспыхваюць эканамічныя канфлікты. Мэта расійскай палітыкі — захаваць Беларусь у сферы свайго максімальнага ўплыву, прыняць удзел у працэсе прыватызацыі, пашырыць ваеннае супрацоўніцтва», — дадаў Аляксандр Мілінкевіч.

З нагоды сваёй адмовы ад удзелу ў выбарах у якасці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч патлумачыў, што гатовы быў балатавацца толькі пры ўмове
змены выбарчага заканадаўства.

Мілінкевіч: удзельнічаць у выбарах без празрыстага падліку галасоў бесперспектыўна

«Гаворка ішла пра тое, каб дапусціць да падліку прадстаўнікоў кожнага з кандыдатаў, якія сёння не маюць такога права. Мы шмат зрабілі для таго, каб гэтае ўмова было рэалізавана: вялі перапіску з беларускім парламентам, звярталіся ў еўрапейскія структуры. На маю думку, Мінск быў зацікаўлены ў тым, каб прыняць гэтыя прапановы, паколькі яму неабходна прызнанне выбараў Захадам. Аднак беларускія ўлады не пайшлі на гэты крок. Я лічу, што ўдзельнічаць у выбарах, дзе няма празрыстага падліку галасоў, бесперспектыўна «, — заявіў лідар Руху «За Свабоду».

Акрамя таго на рашэнне Аляксандра Мілінкевіча паўплывала і адсутнасць адзінай стратэгіі і тактыкі у беларускай апазіцыі, а таксама адзінага кандыдата. «Відавочна, што яна не зможа пайсці на выбары адной калонай. Гэта негатыўна ўспрымаецца ў грамадстве, а значыць, мабілізаваць электарат наўрад ці атрымаецца», — растлумачыў палітык.

Как вам новость?
Головоломки