Мілінкевіч назваў сябе лідарам праеўрапейскіх сіл Беларусі

08.06.2010 09:01
Архив Редакция

Лідар Руху «За Свабоду», прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі ў 2011 годзе Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв'ю літоўскім СМІ назваў сябе лідарам праеўрапейскіх сілаў Беларусі, і заявіў, што яго мэта — ўваходжанне Беларусі ў Еўрасаюз. Акрамя таго, палітык лічыць, што ў сваіх стасунках з Беларуссю Літва не павінна пераходзіць на рэйкі realpolitik.

Кажучы пра шанцы апазыцыйных кандыдатаў на будучых прэзідэнцкіх выбарах, Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што ў Беларусі няма рэальных выбараў у заходнім разуменні гэтага слова. «У выбарчых камісіях адсутнічаюць прадстаўнікі незалежных кандыдатаў. Камісіі фактычна не лічаць галасы, а пішуць пратаколы «як трэба». Таму мы ўдзельнічаем не ў выбарах, а ў палітычнай кампаніі», — сказаў лідар Руху «За Свабоду», паведамляе DELFI.

«Я ведаю, што існы рэжым ужо ніколі не пераможа ў свабодных, сумленных, роўных, справядлівых выбарах. Ён вычарпаў свой крэдыт даверу. Існая эканамічная і палітычная мадэль не мае перспектываў і большасць беларусаў гэта разумее. Аднак, нават, калі шанцаў няшмат, мы змагаемся за перамогу», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

«Сёння мы змагаемся не толькі за правы чалавека і свабоду, — падкрэсліў палітык. — У Беларусі вырашаецца пытанне геапалітычнага выбару. Большасць дэмакратычных сіл выступае за еўрапейскі шлях развіцця. Але частка апазіцыі настойвае на інтэграцыі з Расіяй, увядзенні расейскага рубля, прызнанні Асетыі і Абхазіі. І тых і іншых аб’ядноўвае тое, што мы супраць дыктатуры», — падкрэсліў прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Па словах Аляксандра Мілінкевіча, у апазыцыі, якая выступае за еўрапейскі шлях развіцця і апазіцыі, нацэленай на інтэграцыю з Расіяй, дыяметральна розны падыход да таго, як і тыя і другія бачаць Беларусь: незалежнай і еўрапейскай або сатэлітам ўсходняга суседа. «Не трэба здзіўляцца таму, што, хутчэй за ўсё, на выбарах рэальна будуць змагацца тры кандыдаты: Лукашэнка, праеўрапейскі і расійскі кандыдат», — сказаў лідар Руху «За Свабоду».

Как вам новость?