Мілінкевіч: новыя выбары ў Беларусі могуць прайсці ў 2012 годзе

03.08.2010 11:16
Архив Редакция

Лідар Руху "За Cвабоду" Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што наступныя прэзідэнцкія выбары могуць адбыцца ўжо праз год пасля выбараў 2011 года. Па словах аднаго з апазіцыйных лідараў, дэмакратычным сілам Беларусі варта рыхтавацца да новых выбараў ужо цяпер.

«Мы павінны думаць і пра гэтыя выбары, і пра тыя, наступныя. І не 2015-2020 года. Выбары могуць адбыцца і праз паўгады, могуць адбыцца праз год», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч. Ён лічыць, што гэтаму будзе спрыяць глыбокі эканамічны крызіс, у якім цяпер знаходзіцца краіна, а таксама «шалёны ціск Масквы».

«Усё гэта можа прывесці да таго, што сённяшні ўрад, Лукашэнка адыдуць. І тады распісваюцца новыя выбары. Мы павінны да іх рыхтавацца сёння. Кожны дзень. Нават удзельнічаючы ў гэтых выбарах. І ў гэтых выбарах трэба будзе ўжо перамагаць у адкрытай барацьбе. У дэмакратычных ці напаўдэмакратычных умовах», — заявіў лідар Руху «За Свабоду».

Па яго словах, галоўнае пытанне на сённяшні дзень палягае ў тым, ці стане беларуская апазіцыя, якая не мае адзінага кандыдата, «выйграваць у наменклатуры, у маскоўскага кандыдата», — перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Сам жа Аляксандр Мілінкевіч, абвясціўшы сябе лідарам прабеларускіх праеўрапейскіх сіл, настойвае на тым, што Беларусі неабходна пайсці па еўрапейскім шляху, каб палепшыць стандарты жыцця.

Мілінкевіч: мы застанемся на месцы, але хочам пабудаваць грамадзянскую супольнасць

«Калі я кажу аб еўрапейскім шляху, гэта не значыць, што трэба сабраць беларусаў і весці кудысьці ў Брусель. Мы застаемся тут, на месцы. Але хочам пабудаваць і дзяржаву, і грамадзянскую супольнасць. І Канстытуцыю мець такую, як у дэмакратычных краінах», — растлумачыў кандыдат на пасаду прэзідэнта. «Я не буду апраўдваць Еўропу — яна не дасканалая. І не адзіная ў сваіх поглядах і падыходах. Але мы маглі быць зусім на іншым узроўні», — дадаў ён.

Тым не менш, Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што дыялог з цяперашнімі беларускімі ўладамі неабходны. «У Беларусі жыве не толькі Лукашэнка — у Беларусі яшчэ жыве амаль дзесяць мільёнаў беларусаў. І калі не праводзіць гэты дыялог, то мы ўсе прызямлімся на парашуце ў Смаленскай вобласці ў Расіі», — сказаў палітык.

Як раней паведамляў Тэлеграф, лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які балатуецца на пасаду прэзідэнта Беларусі на будучых выбарах, заявіў аб тым, што бярэ на сябе ролю лідара прабеларускіх праеўрапейскіх сілаў. У цяперашні час адной з найважнейшых мэтаў для дэмакратычных сіл ён бачыць не столькі падрыхтоўку да цяперашніх прэзідэнцкіх выбараў, якіх, па словах экс-кандыдата, «на самой справе няма», колькі да выбараў, якія абвесцяць пасля таго, як «улада змушаная будзе сысці».

Как вам новость?
Головоломки