Мілінкевіч пакуль не вызначыўся з удзелам на прэзідэнцкіх выбарах

06.09.2010 11:48
Архив Редакция

Лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч на Форуме дэмакратычных сілаў у Гомелі 5 верасня заявіў, што яшчэ не вырашыў, ці будзе вылучаць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкі пост. Па яго словах, "змагацца за пасаду прэзідэнта — гэта вельмі адказны крок".

«Я павінен ісці тады, калі мой паход на выбары дае нешта для таго, каб дамагчыся незалежнасці, дэмакратыі і пераменаў у краіне, аб’яднання людзей. Калі гэтага няма — тады, мне здаецца, пайсці на выбары — гэта проста пакрасавацца», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Акрамя таго, беларускі палітык выказаў сумненне ў тым, што кожны з апазіцыйных прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост зможа сабраць па 100 тыс. подпісаў у сваю падтрымку, перадае БелаПАН.

«У нас няма самадастатковых арганізацыяў, гэта тычыцца і руху «За свабоду». Толькі аб’яднаўшыся, можна сабраць подпісы і зрабіць добрую кампанію, а тое, што гэта магчыма зрабіць ў адзіночку, — не веру», — адзначыў палітык.

Аднак, па словах Аляксандра Мілінкевіча, у беларускай апазіцыі ёсць праблемы з выбраннем адзінага кандыдата, бо ў розных прэтэндэнтаў — розныя мэты: «У кагосьці — эгаістычныя, у кагосьці — фінансавыя, арганізацыйныя. З мэтамі ў нас дрэнна. Калі б у нас усіх мэта была беларуская, дзяржаўная — перамены ў краіне, калі б гэта перамагло, тады б быў шанец. Я думаю, хвароба зацягнулася, а можа быць, мы пройдзем праз гэты працэс, праз выбары і ачуняем. У мяне такая вера ёсць», — заявіў лідар руху «За свабоду».

«У апазіцыі сістэмны крызіс, але гэта не безнадзейна, любая хвароба лечыцца. І ёсць людзі, якія гэты крызіс у апазіцыі інспіравалі. Мы вучымся, але трэба было б хутчэй вучыцца. Калі мы не будзем думаць пра незалежнасць — прафукаем краіну, я гэта казаў яшчэ ў 2007 годзе. А сёння Расія атакуе, атакуе Лукашэнку (прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку — Тэлеграф), але больш наш суверэнітэт і эканоміку. Ідзе сур’ёзная барацьба, але не дай бог нам уляпацца ў чужыя стратэгіі», — падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.

Как вам новость?
Головоломки