Мілінкевіч плануе сабраць шэсць тысяч чалавек па зборы подпісаў

26.07.2010 14:31
Архив Редакция

У склад ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў у падтрымку лідара апазіцыйнага Руху "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча ўвойдзе пяць - шэсць тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч.

Ініцыятыўную групу будуць фармаваць у тры этапы. Па словах намесніка старшыні руху, падчас першага этапу, які ўжо практычна завершаны, больш за тысячу актывістаў выказалі жаданне ўступіць у ініцыятыўную групу, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

«Мы звярнуліся да актывістаў Руху «За Свабоду» ў асноўным у рэгіёнах. Яны напісалі спецыяльную заяву аб сваёй згодзе ўдзельнічаць у ініцыятыўнай групе і запоўнілі анкету», — распавёў Юрась Губарэвіч.

На другім этапе будзе праводзіцца праца па стварэнні выбарчага блока. Па словах прадстаўніка руху, у яго ўвойдуць партнёрскія арганізацыі, якія хочуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. За кошт членаў гэтых арганізацыяў і плануюць павялічыць колькасць актывістаў.

«Трэці этап — выхад на шырокія колы грамадства. Аляксандр Мілінкевіч на сённяшні дзень, можа, найбольш вядомая асоба сярод дзейных апазіцыйных палітыкаў. І таму мы звернемся да людзей, якія яго падтрымліваюць, з прапановай далучыцца да агульнай справы. Такім чынам, на момант падачы дакументаў у ЦВК мы разлічваем выйсці на склад групы ў пяць-шэсць тысяч чалавек», — заявіў Юрась Губарэвіч.