Мілінкевіч: прысуд Брэусу і Гапонаву змякчылі з-за прыезду Пуціна

11.03.2011 16:03
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што "вельмі мяккі" прысуд суда ў дачыненні да грамадзян Расіі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава абумоўлены фактарам грамадзянства фігурантаў справы, умяшаннем Масквы і хуткім прыездам у Мінск расійскага прэм'ера Уладзіміра Пуціна. "Наладжванне адносін з Захадам патрабуе вызвалення дзясяткаў зняволеных, каб дагадзіць Маскве дастаткова было выпусціць двух", — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

«Гэта цяперашні геапалітычны выбар беларускіх уладаў, які сведчыць аб трапленні пад вялікі ўплыў Крамля пасля перыяду спроб правядзення незалежнай палітыкі. І гэта трапленне — вынік разрыву адносінаў з Еўропай», — лічыць лідар Руху «За Свабоду».

Акрамя таго, Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што прысутнасць на судовым працэсе экспертаў АБСЕ не паўплывала на мяккасць прысуду, паведамілі ў прэс-службе апазіцыйнага лідара. На яго думку, іх прысутнасць стала проста «антуражам для дэманстрацыі нібыта справядлівасці беларускага суду».

«Тры гады «хіміі» прадпрымальніку Дзмітрыю Мядзведзю, даросламу чалавеку, — вынік менавіта гэтай паказухі і таго, што яму «пашанцавала» быць асуджаным у адзін дзень з расійцамі. Акрамя таго, ён не быў, так сказаць, пастаянным і выразным апазіцыянерам», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Па словах лідара Руху «За Свабоду» «індыкатарамі адкручвання сітуацыі назад з боку беларускіх уладаў» стануць суды над сябрамі штабоў былых кандыдатаў у прэзідэнты. «Пакуль казаць аб такім сігнале Захаду занадта рана. Але разлік можа быць на тое, што там могуць трактаваць гэта менавіта такім чынам — як пачатак гандлю палітвязнямі», — заявіў Аляксандр Мілінкевіч.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 10 сакавіка завяршыўся судовы працэс над расійцамі Арцёмам Брэусам і Іванам Гапонавым — фігурантамі па «справе 19 снежня». Суд прызнаў расійцаў вінаватымі па ч.2 арт.293 КК Беларусі, прысудзіў кожнага з іх да штрафу ў памеры 300 базавых велічынь (10,5 млн. рублёў або каля 3,47 тыс. даляраў), пасля чаго іх вызвалілі з-пад варты ў зале пасяджэнняў суда.

Між тым, іншага фігуранта «справы 19 снежня» Дзмітрыя Мядзведзя 10 сакавіка суд прысудзіў да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову і вызваліў з-пад варты. 2 сакавіка суд абвясціў прысуд яшчэ тром абвінавачаным у масавых беспарадках у Мінску — Аляксандру Малчанаву, Дзмітрыю Новіку і Аляксандру Атрошчанкаву. Аляксандр Малчанаў прысуджаны да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Дзмітры Новік — да 3,5 года, Аляксандр Атрошчанкаў атрымаў чатыры гады калоніі.

Яшчэ раней суд вынес абвінаваўчы прысуд члену выбарчага штаба экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Васілю Парфянкову. Яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму.

Как вам новость?
Головоломки