Мілінкевіч: Расія "ўцюхала" Беларусі сваю АЭС

16.03.2011 15:15
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч лічыць пагадненне аб супрацоўніцтве Беларусі і Расіі ў будаўніцтве беларускай АЭС "прыкладам расійскай эканамічнай экспансіі тут і цяпер". "Па сутнасці, Расія нам, як кажуць, уцюхала сваю АЭС, скарыстаўшыся разрывам стасункаў з Захадам і пагаршэннем эканамічнага становішча", — заявіў 15 сакавіка апазіцыйны палітык.

«Нават фон для падпісання з Расіяй пагаднення аб будаўніцтве АЭС атрымаўся сімвалічна негатыўны. Маю на ўвазе падзеі ў Японіі», — адзначыў лідар руху. У святле падзей у Японіі, палітык адзначыў, што расійскія тэхналогіі непараўнальныя з заходнімі, у тым ліку і ў пытанні забеспячэння бяспекі будучай станцыі. Акрамя таго, Аляксандр Мілінкевіч асабліва падкрэсліў той факт, што рэактар, прапанаваны расійскімі спецыялістамі, раней нідзе не выпрабоўваўся.

Лідар Руху «За Свабоду» таксама лічыць, што падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС павялічвае да крытычнага ўзроўню энэргазалежнасць Беларусі ад Расіі, нягледзячы на тое, што праект АЭС распрацаваны з прама процілеглай мэтай, перадае прэс-служба Руху «За Свабоду».

«У дадатак будзем яшчэ і прывязаныя да ўранавага паліва ўсходняй суседкі, таму што іх станцыя да яго прыстасаваная. Нарэшце, будуем за пазычаныя у Расіі ж грошы, вялікія грошы. Разлічвацца — нашым дзецям», — сказаў Аляксандр Мілінкевіч, адзначыўшы, што Беларусь паступова губляе суверэнітэт — энергетычны, эканамічны і палітычны.

Акрамя таго, лідар Руху «За Свабоду» перакананы, што пытанне аб будаўніцтве АЭС у Беларусі неабходна было вынесці на абмеркаванне грамадскасці, магчыма, нават вырашаць праз рэферэндум.

Як раней перадаваў Тэлеграф, беларускія ўлады вядуць актыўную
падрыхтоўку да будаўніцтва ўласнай АЭС. Так, Беларусь і Расія ўжо
падрыхтавалі рамачнае кантрактнае пагадненне аб будаўніцтве АЭС. Праект
ужо ўхвалены прэзідэнтам
Беларусі. Згодна з планамі беларускага боку, ужо ў верасні 2011 года
пачнецца будаўніцтва катлавана на Астравецкай пляцоўцы, а да 2017 года плануецца запусціць першы энергаблок станцыі.

На фоне нядаўніх падзей у Японіі, дзе ў выніку разбуральных землятрусаў і цунамі адбыліся выбухі на
шэрагу АЭС, сябры Беларускай антыядзернай кампаніі звярнуліся да ўрада
Беларусі з просьбай адмовіцца ад планаў будаўніцтва атамнай станцыі.
Актывісты кампаніі заклікалі беларускія ўлады вынесці ўрок з японскай
трагедыі, спыніць будаўніцтва АЭС і шукаць інвестыцыі на мадэрнізацыю
традыцыйнай і развіццё аднаўляльнай энергетыкі.

Тым не менш, расійскі прэм’ер Уладзімір Пуцін 15 сакавіка падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам запэўніў беларускія
ўлады ў тым, што ступень абароненасці на будучай беларускай АЭС будзе
значна вышэйшай, чым у Японіі. У гэты ж дзень бакі падпісалі пагадненне
аб будаўніцтве беларускай атамнай станцыі.

Как вам новость?
Головоломки