Мілінкевіч: тэракт у Мінску пакінуў шмат пытанняў

19.04.2011 15:13
Архив

Лідар Руху "За Свабоду", экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандр Мілінкевіч назваў трагічны тэракт у мінскім метро "безумоўна, самай сумнай падзеяй мінулага тыдня і, напэўна, нават года". Палітык прынёс свае спачуванні сем'ям загінулых і пажадаў хутчэйшага выздараўлення параненым - і фізічнага, і псіхалагічнага.

«Краіна без перабольшання перажыла шок ад гэтай трагедыі, якая пакінула шмат пытанняў. У тым ліку этычных. Напрыклад, улады заяўляюць аб кансалідацыі, некарэктнасці агучвання пэўных версій і дапушчэнняў, папярэджанні раздаюць (і я атрымаў ад Генпракуратуры), але самі трубяць з дзяржаўных СМІ пра сувязь тэрарыстаў з апазіцыяй і спрабуюць выкарыстоўваць жалобны момант для закручвання гаек і знішчэння апанентаў», — адзначыў Аляксандр Мілінкевіч.

Як раней паведамляў Тэлеграф, тэракт у мінскім метро адбыўся ўвечары 11 красавіка ў гадзіну пік. У выніку выбуху бомбы загінула 13 чалавек, яшчэ каля 200 пасажыраў атрымалі раненні.

Да цяперашняга моманту арыштаваныя трое падазраваных у выкананні тэракту, у тым ліку яго непасрэдны выканаўца. Усе яны з’яўляюцца выхадцамі Віцебску. Па непацверджаных дадзеных на раніцу 19 красавіка, затрыманы яшчэ адзін саўдзельнік злачынцаў.