Мілінкевіч вызначыцца з удзелам у выбарах пасля абвяшчэння іх даты

09.09.2010 14:57
Архив Редакция

Лідар Руху "За Свабоду", прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Аляксандр Мілінкевіч вызначыцца са сваім удзелам у выбарчай кампаніі пасля абвяшчэння даты выбараў. Такое рашэнне 8 верасня прыняла рада руху, у якую ўваходзіла 16 прадстаўнікоў арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юры Губарэвіч.

«Аляксандр Мілінкевіч у выступе адзначыў, што падчас прэзентацыі сваёй перадвыбарчай праграмы ў траўні гэтага года ён паставіў умовай свайго ўдзелу ў выбарах змены ў заканадаўства, якія гарантавалі б незалежным кандыдатам права на ўключэнне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў», — распавёў Юры Губарэвіч, перадае БелаПАН.

«Гэтыя прапановы былі накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, АБСЕ, Бюро па дэмакратыі і правах чалавека АБСЕ і Еўрапарламент. Аднак з ключавога органа, здольнага прыняць рашэнне па гэтым пытанні, — беларускага парламенту, адказу пакуль няма», — адзначыў Юры Губарэвіч.

Па словах Юрыя Губарэвіча, у залежнасці ад змены сітуацыі ў Беларусі кіраўніцтва арганізацыі будзе вырашаць, ці мэтазгодна Мілінкевічу ісці ў прэзідэнты ці гэтага рабіць не варта. «Сёння мы аналізуем любыя варыянты развіцця падзей, нават да адмены выбараў», — дадаў намеснік старшыні Руху «За Свабоду».

Тым не менш, па словах Юрыя Губарэвіча, Рух «За Свабоду» будзе весці перамовы з «нацыянальна адказнымі сіламі» аб сумесных дзеяннях падчас выбарчай кампаніі. «Гэта тычыцца вылучэння назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі і вылучэння сваіх людзей у склад выбарчых камісій», — заявіў Юры Губарэвіч.

У пасяджэнні рады Руху «За Свабоду» прымаў удзел яшчэ адзін прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта — Рыгор Кастусёў, які мае намер балатавацца ад Партыі БНФ. Як растлумачыў Юры Губарэвіч, Рыгор Кастусёў з’яўляецца членам рады Руху «За Свабоду».

Как вам новость?
Головоломки