Мінабароны Беларусі нарошчвае аб'ёмы супрацоўніцтва з Украінай

28.04.2011 13:05
Архив Редакция

Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва ў сферы абароны развіваецца "дастаткова плённа", паколькі штогадовыя планы "стабільна выконваюцца", і прыносіць карысць узброеным сілам дзвюх дзяржаў. Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Юры Жадобін ў Кіеве пасля сустрэчы са сваім украінскім калегам Міхаілам Яжэлем.

Па словах Юрыя Жадобіна, узброеныя сілы дзвюх дзяржаў нарошчваюць аб’ёмы супрацоўніцтва. Так, на 2011 год у планах значыцца на 15-17 мерапрыемстваў больш, чым у 2010 годзе, перадае БелТА.

У ходзе перагавораў бакі абмеркавалі перспектывы развіцця супрацоўніцтва. Прадстаўнікі Беларусі закранулі пытанні ўзаемадзеяння паміж краінамі ў галіне супрацьпаветранай абароны. Іх таксама цікавілі перспектыўныя распрацоўкі ўзбраення і ваеннай тэхнікі на ўкраінскіх абаронных прадпрыемствах, вопыт падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў у Міжнародным цэнтры міратворчасці і бяспекі і арганізацыя навучальнага працэсу ў Цэнтры імітацыйнага мадэлявання Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Украіны.

Украінскі бок пацікавіўся вопытам рэфармавання Узброеных сілаў у Беларусі.

У ходзе сустрэчы міністраў абедзвюх краін разгледзелі перспектывы арганізацыі сумеснага ўкраінска-беларускага падраздзялення інжынерных войскаў, якое будзе выкарыстоўвацца, у тым ліку, для ліквідацыі наступстваў прыродных і тэхнагенны катастроф.

Бакі падзяліліся досведам у галіне утылізацыі боепрыпасаў і продажу залішняй маёмасці, напаўнення спецфонду абароннага бюджэту і іншых сферах.

Украіна мае намер далучыцца да беларуска-расійскіх вучэнняў

Міхаіл Яжэль адзначыў, што ў 2011 годзе Украіна збіраецца далучыцца да беларуска-расійскіх ваенных вучэнняў, а таксама прыняць удзел у трэніроўцы беларускіх сіл супрацьпаветранай абароны і вучобе сухапутных войскаў. На тэрыторыі Беларусі пройдзе і сумесная вучоба інжынерных падраздзяленняў.

У чацвер, 28 красавіка, пачаліся беларуска-ўкраінскія камандна-штабныя вучэнні, у іх удзельнічаюць дзяжурныя сілы супрацьпаветранай абароны Паветраных сіл Узброеных сіл Украіны і Ваенна-паветраных сіл УС Беларусі. У паветры яны будуць адпрацоўваць перахоп самалёта-парушальніка (у яго ролі выступіць самалёт ВПС Беларусі). Дзяжурныя сілы будуць вылятаць з брыгад тактычнай авіяцыі, якія знаходзяцца ў Івана-Франкоўску і Міргарадзе. Кіраваць вучэннямі будуць з каманднага цэнтра УС у Вінніцы. Да навучання будуць прыцягнутыя каля 150 вайскоўцаў і сем самалётаў Украіны, а таксама да дзесяці самалётаў Беларусі.

Как вам новость?