Мінабароны Беларусі з размахам адзначае Дзень дэсантніка

02.08.2010 11:24
Архив Редакция

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню дэсантнікаў і 80-годдзю паветрана-дэсантных войскаў, які адзначаецца ў Беларусі 2 жніўня, пройдуць у Берасце, Віцебску, Мар'інай Горцы, Наваполацку. У іх прымуць удзел ветэраны ПДВ, беларускія вайскоўцы, члены іх сем'яў, жыхары краіны і замежныя госці, паведамілі ў міністэрстве абароны Беларусі.

31 ліпеня маштабныя святочныя мерапрыемствы адбыліся ў гарадскім пасёлку Баравуха Віцебскай вобласці, дзе раней дыслакаваліся два палкі 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Ветэраны ПДВ усклалі вянкі да мемарыяльнай дошкі Героя СССР генерала арміі Васіля Маргелава, а таксама прынялі ўдзел у мітынгу, прысвечаным памятнай даце. Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл выступіў перад ветэранамі з святочным канцэртам, а няштатная спартовая каманда прадэманстравала паказальныя парашутныя скачкі.

У Віцебску святкаванню Дня дэсантнікаў нададзены статус гарадскога свята. 1 жніўня ў зале Летняга амфітэатра горада адбыўся ўрачысты сход з удзелам ветэранаў, ваеннаслужачых 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады і членаў іх сем’яў, жыхароў горада, а таксама святочны канцэрт. Перад пачаткам урачыстасцяў спартоўцы-парашутысты ДТСААФ здзейснілі дэсантаванне на пляцоўку амфітэатра, а на сцэне прайшлі паказальныя выступленні роты выведкі і ганаровай варты.

1 і 2 жніўня ў месцах дыслакацыі злучэнняў сіл спецыяльных аперацыяў арганізавалі дні адчыненых дзвярэй. Госці змогуць паглядзець паказальныя выступленні па рукапашным боі і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы, спартыўныя спаборніцтвы, выступленні ваеннаслужачых ротаў ганаровай варты і гарнізонных аркестраў, паказ тэхнікі, узбраення, экіпіроўкі і рыштунку вайскоўцаў сіл спецыяльных аперацыяў, святочныя канцэрты.

У Берасці 1 жніўня ў распалажэнні 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады таксама правялі Дзень адчыненых дзвярэй. Жыхары і госці горада маглі назіраць паказальныя выступленні роты ганаровай варты, плац-канцэрт аркестра Брэсцкай ваеннай камендатуры, скачкі няштатнай парашутнай каманды, комплексы рукапашнага бою са зброяй і без яе, а таксама дэманстрацыю майстэрства валодання халоднай зброяй. Традыцыйна каля плацу злучэння былі выстаўлены ўзоры баявой тэхнікі, стралковай зброі, інжынерных боепрыпасаў, сродкаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

2 жніўня ў Берасці вайскоўцы 38-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады пройдуць урачыстым маршам па вуліцах горада, паведамляе «Вячэрні Брэст». У 10:00 адна калона пройдзе ад вул. Савецкай Канстытуцыі па Маскоўскай да Цэнтру моладзевай творчасці, другая — па вул. Чырванасцяжнай, Варшаўскай шашы, вул. 28-га ліпеня таксама да ЦМТ. На пляцоўцы ля Цэнтру ў 11:30 пачнецца святочны канцэрт. Асобным блокам у праграме — выступ начальніка артылерыі 38-й асобнай мабільнай брыгады, старшыні Савета афіцэрскіх сходаў злучэння падпалкоўніка Васіля Макарушка, брыгаднага барда і паэта.

Как вам новость?
Головоломки