Мінадукацыі не пускае на дзіцячае "Еўрабачанне" дзяцей-інвалідаў

17.11.2010 15:17
Архив Редакция

На афіцыйным форуме Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту 12 лістапада маці дзіцяці-інваліда з дыягназам дзіцячы цэрэбральны паралюш паскардзілася на тое, што міністэрства адукацыі Беларусі спачатку запрасіла яе сына на дзіцячае "Еўрабачанне", а затым адклікала запрашэнне. Па словах жанчыны, прычынай гэтаму сталася тое, што яе сын не з'яўляецца вазочнікам.

«Яны вырашылі, што дзеці павінны быць не проста інваліды, а абавязкова сядзець у інвалідных вазках! Гэта значыць тыя, каму «пашчасціла» ў жыцці спрабаваць перасоўвацца самастойна, з мыліцамі, хадунамі і інш. — не могуць ехаць на свята! Бач-ты, яны вырашылі выставіць такіх дзяцей у вазочках паміж шэрагамі — як ніяк ТБ будзе здымаць! А ў нас — уяўляеце — няма інваліднага вазка! Мы, ведаеце, перасоўваемся самі, няхай і з цяжкасцямі. Нам «Еўрабачанне» не паложана!», — абураецца жанчына пад нікам Крысціяна.

Акрамя таго, маці хлопчыка-інваліда паведаміла, што спачатку мінадукацыі прапанавала дзецям-інвалідам прысутнічаць на генеральнай рэпетыцыі «Еўрабачання», а потым ўлады зноў «усё перайгралі». «Цяпер трэба быць на самім «Еўрабачанні» і з 18:00 і да ўпору — далёка за поўнач», — зазначыла жанчына.

«Дзіця цяпер сядзіць і плача! Шмат у яго радасцяў ў жыцці? Дзякуй разумным чыноўнікам за чарговую паказуху! Ад усяго матчынага сэрца — дзякуй!», — заявіла жанчына.

Мінадукацыі паабяцала вырашыць сітуацыю з дзецьмі-інвалідамі

У міністэрстве адукацыі, куды звярнуўся журналіст Тэлеграфа, абяцалі разабрацца ў гэтай сітуацыі. Дарадца міністра па сувязях са СМІ і грамадскасцю Віктар Іўчанкаў запэўніў, што ўсе запрошаныя міністэрствам дзеці абавязкова патрапяць на «Еўрабачанне». Маці хлопчыка-інваліда чыноўнік рэкамендаваў звярнуцца наўпрост ў міністэрства адукацыі.

Как вам новость?
Головоломки