Мінбудархітэктуры: чарга на жыллё стане ў два разы меншай

03.12.2010 17:11
Архив Редакция

Чарга на жыллё ў беларускіх рэгіёнах за наступныя пяць гадоў павінна зменшыцца. Такое меркаванне выказаў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Селязнёў, растлумачыўшы, што да 2015 года аб'ёмы штогадовага жыллёвага будаўніцтва плануецца павялічыць да 10 млн. квадратных метраў.

«З улікам павелічэння будаўніцтва даступнага жылля я лічу, што за пяцігодку ў рэгіёнах рэспублікі чарга на жыллё будзе практычна мінімальнай. Вядома, яна не ліквідуецца, але стане мінімум у два разы менш», — прыводзіць БелТА словы Аляксандра Селязнёва.

Павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва запланавана згодна з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады, дадаў міністр. «Гэта адзін квадратны метр на аднаго жыхара рэспублікі на год. Ні адна дзяржава постсавецкай прасторы не выходзіць на такія паказчыкі», — лічыць кіраўнік мінбудархітэктуры.

Аляксандр Селязнёў згадаў і пра тое, што ў жніўні міністэрства архітэктуры і будаўніцтва прапанавала адмяніць даручальніцтва для атрымання жыллёвага крэдыту. «У Беларусі асноўная маса жыллёвых крэдытаў бярэцца пад даручальніцтва іншых фізічных асобаў, а заклад з’яўляецца толькі дадатковым забеспячэннем. Сёння для таго, каб атрымаць ільготны крэдыт, чалавеку трэба знайсці даручальнікаў. Мы прапануем для гэтай катэгорыі грамадзян (60-70% ад агульнага будаўніцтва) адмяніць механізм даручальніцтва», — сказаў міністр.

Ён дадаў, што банк ад новаўвядзення стратаў не панясе, паколькі ў выпадку непагашэння крэдыту жыллё ідзе на рэалізацыю па рынкавай цане.

Селязнёў: для маламаёмных будуць будавацца арэндныя дамы

Для маламаёмных грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, будзе пачата будаўніцтва арэндных будынкаў, прычым арэнды на доўгі тэрмін. На сённяшні дзень, будуючы кватэру, грамадзяне абавязаны заплаціць за яе адразу ж, і з гэтай мэтай яны бяруць крэдыты. Калі чалавек паселіцца ў арэндным доме, то будзе аплочваць арэнду.

Аляксандр Селязнёў лічыць, што падобная практыка арэнднага жылля нядрэнна зарэкамендавала сябе за мяжой, паколькі арэнднае жыллё выкарыстоўваюць ва ўсім свеце.

Па словах міністра, будаўніцтва першага арэнднага дома пачнецца ў 2011 годзе. Дадзены механізм будзе апрабаваны ў Мінску — хутчэй за ўсё, у сталічных мікрараёнах Дружба або Каменная Горка. «У найбліжэйшы час гэта будзе вызначана», — удакладніў кіраўнік мінбудархітэктуры.

Нагадаем, на сённяшні дзень па ўсёй Беларусі на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоваў складаецца больш як 790 тыс. чалавек. З іх больш за 720 тыс. — жыхары гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу.

Как вам новость?
Головоломки