Супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Заводскага РУУС сталіцы затрымалі 30-гадовую жыхарку Мінску па падазрэнні ў махлярстве. У цяперашні час па справе праходзяць пяцёра пацярпелых. Агульная сума шкоды складае больш за 35 млн. рублёў, паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама.
Знешне рэспектабельная жанчына, якая называе сябе Ясяй, з лёгкасцю ўваходзіла ў давер да незнаёмых людзей і пазычала ў іх буйныя сумы, не маючы намеру вяртаць грошы, паведамляе БелаПАН.
Для стварэння іміджу дзелавой лэдзі махлярка нібыта на два тыдні ўступіла ў фіктыўны шлюб з 22-гадовым жыхаром Мінску, паабяцаўшы яму за паслугу ўзнагароджанне. Абяцанне сваё махлярка не выканала, «шлюб» доўжыцца ўжо каля года.
Першая заява на махлярку паступіла ў міліцыю каля месяцу таму ад 24-гадовай мінчанкі. Дзяўчына аддала Ясі 3,75 тыс. даляраў за садзейнічанне ў атрыманні пасведчання кіроўцы і таннай «гарачай» пуцёўкі, але не дачакалася выканання абавязанняў.
Яшчэ адзін сталічны жыхар, таксіст, аддаў махлярцы 1,2 млн. рублёў за дапамогу ў афармленні працоўнай візы ў Польшчу.
Далей, увайшоўшы ў давер да школьнага выкладчыка Мінску, жанчына прапанавала яму пачаць агульны бізнэс і стаць сузаснавальнікам фірмы. Мужчына перадаў махлярцы больш за шэсць мільёнаў рублёў для фармавання ўстаўнога фонду сумеснага прадпрыемства.
У цяперашні час Заводскае РУУС праводзіць папярэдняе расследаванне, у выніку якога спіс пацярпелых асобаў, магчыма, павялічыцца. У дачыненні да затрыманай ўзбуджана крымінальная справа па ч. 3 арт. 209 КК (махлярства) Рэспублікі Беларусь.