Мінчукі часцей за ўсё скардзяцца на капрамонт жылля

25.08.2010 15:57
Архив Редакция

Як паказалі першыя два этапы маніторынгу працы органаў мясцовай улады, больш за ўсё нараканняў у жыхароў Мінску і вобласці выклікаюць капітальныя рамонты жылых дамоў і прылеглых тэрыторыяў. У сувязі з гэтым Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт павялічыць тэмпы капрамонту жылля, паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Па яго словах, такое рашэнне Мінгарвыканкам прыняў у адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, дадзеным кіраўніком дзяржавы на сустрэчы з актывам сталіцы, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Як паведаміў кіраўнік Мінгарвыканкама, у 2011 годзе план капрамонту жылых дамоў павялічаць на 100 тыс. квадратных метраў, а ў 2015 годзе плануюць выйсці на мільён квадратных метраў.

Разам з тым, кіраўнік Мінгарвыканкама адзначыў, што рэалізацыя гэтай задачы патрабуе істотных фінансавых укладанняў, сур’ёзнай арганізацыйнай працы і працы вялікай колькасці спецыялістаў. «Мы разлічваем на максімальную падтрымку насельніцтва — арганізацыйную, тэхнічную, эканамічную. Толькі разам з жыхарамі сталіцы мы зможам вырашыць пастаўленую задачу», — заявіў Мікалай Ладуцька.

Паказальная сітуацыя, якая склалася на сённяшні момант у пасёлку Шчамысліца Мінскага раёна. Тут капітальны рамонт на вуліцы Вераб’ёва (пракладка труб для каналізацыі) дастаўляе мясцовым жыхарам масу нязручнасцяў, у тым ліку і таму, што рабочыя часта не выконваюць тэхніку бяспекі, паведамляе Белтэлерадыёкампанія.

Па словах мясцовых жыхароў, аб правядзенні рамонтных працаў іх ніхто не папярэдзіў, яны не паспелі падрыхтавацца да іх пачатку. Менавіта таму цяпер ямы, выкапаныя насупраць іх дамоў і ніяк не пазначаныя, з’яўляюцца не толькі крыніцай нязручнасцяў для аўтамабілістаў, але і патэнцыяльнай небяспекай для мясцовых дзяцей. Тым не менш, прараб ТАА «Буррэмком», адказны за правядзенне капрамонту, сцвярджае, што працы ідуць паводле плану.

Как вам новость?