Мінчук пяць гадоў судзіцца з вядомым хірургам

22.09.2010 15:21
Архив Редакция

Жыхар Мінску на працягу пяці гадоў судзіцца з хірургам 9-ай клінічнай лякарні, прафесарам Алегам Чудаковым з-за няправільна праведзенай аперацыі. Мінчук патрабуе ад лекара вярнуць яму пяць тысяч даляраў, якія мужчына быў вымушаны патраціць на паўторную аперацыю.

Як распавёў ісцец Міхаіл Жук, у яго было скрыўленне насавой перагародкі. Аперацыю яму правёў 28 снежня 2005 года вядомы прафесар Алег Чудакоў, кіраўнік Рэспубліканскага спецыялізаванага цэнтру сківічна-тварнай і пластычнай хірургіі, кансультант Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных устаноў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Аднак, адразу ж пасля выпіскі са шпіталю ў мужчыны ўзніклі ўскладненні — яго нос моцна распух, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Мінчук звярнуўся да прафесара па дапамогу, аднак той, па словах мужчыны, «абмежаваўся нейкімі ўколамі». Іншыя лекары, да якіх звярнуўся Міхаіл Жук, казалі, што ў носе нешта магло застацца пасля аперацыі, але ў дапамозе адмаўлялі і накіроўвалі да ўрача, які непасрэдна праводзіў аперацыю.

У выніку Міхаіл Жук вымушаны быў зрабіць аперацыю ў Расіі. Яна абышлася мужчыну ў пяць тысяч даляраў. Падчас аперацыі лекары пецярбургскай клінікі вынялі з носа мужчыны іншароднае цела — кавалачак марлі. Акрамя таго, расійскія медыкі сказалі мінчуку, што яго папярэдняя аперацыя была праведзена непрафесійна, і ўсе косткі яго носа былі пераламаны.

Вярнуўшыся з Расіі, Міхаіл Жук звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем узбудзіць супраць прафесара Алега Чудакова крымінальную справу за нанясенне шкоды і кампенсаваць фінансавыя і маральныя выдаткі. Крымінальную справа распачалі толькі ў 2010 годзе.

У сваю чаргу Алег Чудакоў падаў на Міхаіла Жука іск аб абароне свайго гонару і рэпутацыі. У цяперашні час, па словах прафесара, гэта справа знаходзіцца пад кантролем Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Адвакат прафесара, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Цэнтральнага раёна Мінску Святлана Камяк паведаміла, што ўсе восем экспертных камісій, праведзеных у выніку расследавання дадзенай справы, пацвердзілі, што аперацыю Алег Чудакоў правёў з захаваннем усіх патрабаванняў. Па яе словах, іншароднае цела, якое дасталі з носа пацыента расійскія медыкі, было зусім не марляй, а гемастатычнай губка, якая проста не рассмакталася.

«У Расію Жук паехаў дарма. Яму прапаноўвалі адразу, калі ў яго ўзнік запаленчы працэс, зрабіць рэвізію раны — і за тры секунды гэты запаленчы працэс быў бы прыбраны. А ён самастойна паехаў у Санкт-Пецярбург, куды яго ніхто не накіроўваў. І з чаго пачаў ўсю гэтую валтузню», — сказала Святлана Камяк.

Как вам новость?
Головоломки