Мінчукі скардзяцца ў Адміністрацыю прэзідэнта на праблемы з жыллём

02.08.2010 16:14
Архив Редакция

Большасць зваротаў грамадзянаў у Адміністрацыю прэзідэнта падчас другога этапу маніторынгу працы мясцовых уладаў датычыцца жыллёвай палітыкі (атрыманне льготных крэдытаў, пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, ЖСК), будаўніцтва жылля, зносу і адсялення. Пра гэта паведаміла на аператыўнай нарадзе ў мэрыі начальніца аддзелу лістоў і прыёму грамадзянаў Мінгарвыканкаму Марына Макоўская.

Чвэрць заяў, які паступілі, тычыцца тэмы ЖКГ. У асноўным мінчукі звяртаюцца да ўладаў з нагоды пастаноўкі дамоў на капрамонт, ліквідацыі сырасці і правядзення цеплавой рэабілітацыі, якасці рамонтных прац. Таксама былі скаргі па затапленні кватэраў, падымаліся пытанні аб перадачы ведамаснага жылля на баланс горада, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».

Трэцяя тэма, якая хвалюе жыхароў сталіцы, — гэта працоўныя адносіны і сацыяльная абарона. Тут у асноўным падымаліся пытанні нявыплаты заробку і аказання матэрыяльнай дапамогі.

У цэлым, па выніках дзейнасці міжведамаснай працоўнай групы ў адміністрацыях Заводскага, Ленінскага, Савецкага, Фрунзенскага і Цэнтральнага раёнаў у Мінгарвыканкам паступіла 138 зваротаў грамадзянаў.

Такі ж характар насілі звароты, якія паступілі кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Уладзіміру Макею і памочніку прэзідэнта — галоўнаму інспектару па Мінску Анатолю Калініну.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька звярнуў увагу на якасць падрыхтоўкі адказаў. Чыноўнік загадаў правесці праверкі ў жыллёвых арганізацыях у дачыненні да паўторных зваротаў, звязаных з бягучым і капітальным рамонтам жылфонду, і высветліць, ці паступалі да іх сігналы, і калі так, то якія меры былі прынятыя.

Как вам новость?