Мінэканомікі: Беларусь не выканае гадавы план па інвестыцыях

31.12.2010 11:43
Архив Редакция

У 2010 годзе ў параўнанні з 2009 годам аб'ём інвестыцый у асноўны капітал у Беларусі павялічыцца на 13% -14%, у той час як прагноз на год быў 23-25%. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандр Ярашэнка. Па яго словах, аднаўленне эканомікі ідзе павольней, чым прагназавалі эксперты, не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

Тым не менш, Аляксандр Ярашэнка лічыць, што ў дадзеным напрамку Беларусь дасягнула «вельмі значных вынікаў на фоне іншых краін», перадае БелТА.

У студзені-лістападзе 2010 года на развіццё эканомікі было накіравана каля 46,2 трлн. рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Нягледзячы на гэта, па словах Аляксандра Ярашэнкі, якаснае напаўненне інвестыцый не зусім задавальняе міністэрства эканомікі.

«Укладанне інвестыцый павінна больш накіроўвацца на набыццё машын, абсталявання, то бок у актыўную частку вытворчых фондаў, што ў цяперашні час у нас зніжана і складае менш за 40%. Мы лічым, што гэтага недастаткова для забеспячэння будучага эканамічнага росту ў Беларусі», — падкрэсліў эксперт.

Мінэканомікі: у 2010 годзе Беларусь не выканае план па росце ВУП

Не атрымаецца выйсці на запланаваны ўзровень і па паказчыках росту валавога ўнутранага прадукту. Згодна з ацэнкай Мінэканомікі, па выніках 2010 года рост ВУП складзе каля 7,4% пры запланаваным паказчыку ў 11-13%.

Аляксандр Ярашэнка растлумачыў, што недасягненне запланаванага паказчыка абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі, у тым ліку невыкананнем паказчыкаў росту ў сельскай гаспадарцы. «Павінен адзначыць, што 102%, у якія мы ацэньваем па годзе рост сельгасвытворчасці ў Беларусі, з улікам тых кліматычных анамалій, якія былі ў гэтым годзе, — гэта таксама вельмі годны паказчык, бо мы здолелі павялічыць да мінулага году, хай нават не настолькі, як прагназавалі», — адзначыў эксперт.

Мінэканомікі: інфляцыя ў 2010 годзе складзе менш за 10%

Кажучы аб узроўні інфляцыі ў 2010 годзе, Аляксандр Ярашэнка заявіў, што запланаванае парогавае значэнне (8-10%) не будзе перавышана. Паводле яго слоў, з улікам таго, што за 11 месяцаў інфляцыя трымалася на ўзроўні 8,9%, па выніках года яна складзе менш за 10%.

У 2011 годзе, згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі, інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 7-8%.

Как вам новость?
Головоломки