Мінэканомікі Беларусі абяцае мільён новых працоўных месцаў

07.12.2010 11:20
Архив Редакция

Каля мільёна працоўных месцаў будуць створаны і мадэрнізаваны ў краіне за наступныя пяць гадоў. Пра гэта 6 снежня на пасяджэнні секцыі IV Усебеларускага народнага сходу заявіў міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў. Ён таксама дадаў, што дадзеная мера прывядзе да павелічэння грашовых даходаў беларусаў.

Да прыкладу, за 2011 г. улады краіны збіраюцца стварыць і мадэрнізаваць прыблізна 160 тыс. працоўных месцаў. Чакаецца, што ў краіну паступяць замежныя інвестыцыі, якія дазволяць адкрыць новыя вытворчасці. Менавіта за кошт іх і ўзнікнуць дадатковыя працоўныя месцы, паведамляе БелТА.

Іх з’яўленне, у сваю чаргу, павінна забяспечыць рост інавацыйнай прадукцыі з высокім дабаўленым коштам і высокай канкурэнтаздольнасцю. Каб правільна ацаніць гэты працэс, уводзіцца спецыяльны паказчык «удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі». Чакаецца, што ў 2011 годзе ўдзельная вага складзе 12-13% па эканоміцы ў цэлым. Самае высокае значэнне прагназуецца ў міністэрстве прамысловасці — 26-27%.

Мікалай Снапкоў заўважыў, што рост колькасці новых працоўных месцаў павінен прывесці да стабільнага ўзроўню занятасці і высокай прадукцыйнасці працы, што выкліча павелічэнне грашовых даходаў насельніцтва. Прагноз па росце гэтага паказчыка складае 8-9,5%, адзначыў міністр.

Як раней паведамляў Тэлеграф, галоўным з пяці прыярытэтаў перадвыбарнай праграмы кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука з’яўляецца стварэнне мільёна новых працоўных месцаў у Беларусі. Для гэтага кандыдат мае намер зняць усе абмежаванні па найме, скасаваць сістэму кароткатэрміновых кантрактаў і вырашыць жыллёвае пытанне маладых спецыялістаў.

Как вам новость?
Головоломки