Мінэканомікі Беларусі вырашыла жорстка стрымліваць імпарт

20.10.2010 14:40
Архив Редакция

Намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур 20 кастрычніка заявіў, што ў бліжэйшыя пяць гадоў праблема адмоўнага сальда гандлю стане галоўным пытаннем для дзяржавы. Паводле яго слоў, дзяржава плануе жорстка стрымліваць імпарт тавараў і стымуляваць экспартную дзейнасць суб'ектаў гаспадарання.

«Адмоўнае сальда — гэта не толькі стан золатавалютных рэзерваў, гэта па вялікім рахунку і пакупальная здольнасць нацыянальнай валюты, яе трываласць. Ад гэтага і ўсе праблемы на ўнутраным рынку, у першую чаргу — інфляцыя. Таму праблема рэгулявання імпарту, у тым ліку, накіраваная на яго стрымліванне, будзе адной з самых важных задач наступнай пяцігодкі. Без гэтага будзе вельмі складана рэалізоўваць іншыя праграмы», — канстатаваў Андрэй Тур.

Разам з тым намеснік міністра эканомікі растлумачыў, што гаворка не ідзе аб абмежаванні інвестыцыйнага імпарту, прытоку замежных інвестыцый, у прыватнасці, рэсурсазберагальных тэхналогій і ноў-хаў. «Гаворка ідзе аб самым прымітыўным бытавым імпарце, які можа быць замешчаны. Ён не проста можа, але і павінен быць замешчаны», — падкрэсліў Андрэй Тур.

На думку намесніка кіраўніка мінэканомікі, адсутнасць абмежавання на імпарт прыводзіць у будучыні да істотнага падаражэння астатняй прадукцыі, у тым ліку, айчыннай вытворчасці.

Андрэй Тур нагадаў, што ў рамках працы ўрада Беларусі па лібералізацыі ўмоваў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці для стымулявання экспартнай дзейнасці прадпрымальнікаў быў праведзены шэраг мерапрыемстваў. У тым ліку, быў вызначаны льготны парадак ажыццяўлення індывідуальнымі прадпрымальнікамі продажу айчынных тавараў за межамі краіны.

Тур: 90% экспарту афармляецца ў электронным выглядзе

Акрамя таго, Андрэй Тур асабліва адзначыў, што ў Беларусі актыўна пашыраецца выкарыстанне нацыянальнай аўтаматызаванай сістэмы электроннага дэкларавання ў мытных органах. Па словах намесніка міністра, у першым паўгоддзі 2010 года больш за 90% беларускага экспарту было аформлена з ужываннем электронных падатковых дакументаў.

Увядзенне сістэмы электроннага дэкларавання дазволіла скараціць вартасныя выдаткі на транспарціроўку і захоўванне тавараў, колькасць неабходных для афармлення тавараў дакументаў, а таксама час мытнага афармлення (з 4-6 гадзін да 30 хвілін).

Тур: у адзіны рэестр ўвойдзе 720 адміністрацыйных працэдураў

Андрэй Тур таксама паведаміў, што ў адзіны рэестр адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца органамі дзяржкіравання і іншымі дзяржаўнымі структурамі ў дачыненні юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, праект якога ў цяперашні час рыхтуе міністэрства эканомікі, увойдзе каля 700 — 720 працэдураў замест 5,5 тыс., якія былі ў 2008 годзе.

Как вам новость?