Мінэканомікі: лібералізацыя цэнаўтварэння не выкліча росту коштаў

01.03.2011 09:21
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі Беларусі не чакае абвальнага росту або падзення коштаў у краіне ў сувязі з лібералізацыяй коштаўтварэння. Аб гэтым заявіў 28 лютага дырэктар дэпартамента коштавай палітыкі vінэканомікі Ігар Фамін. "Лібералізацыя цэнаўтварэння ў Беларусі не выкліча росту цэн", - упэўнены прадстаўнік міністэрства.

Каментуючы ўказ № 72 ад 25 лютага 2011 года «Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь», Ігар Фамін сказаў: «У цяперашні час няма падстаў лічыць, што адмена нейкіх умоў выкліча ажыятажны попыт на тавары ці справакуе інфляцыю».
 
«Ёсць інфляцыя попыту, інфляцыя прапановы і інфляцыя чакання. Калі мы самі не будзем раскручваць інфляцыйныя чаканні (якія, магчыма, камусьці і выгадныя), як гэта цяпер адбываецца з грэчневымі крупамі, то я не думаю, што адбудзецца значны рост інфляцыі», — сказаў прадстаўнік мінэканомікі, перадае БелТА.
 
Пры гэтым Ігар Фамін запэўніў, што «інфляцыя будзе кантралявацца, таму што захоўваецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары».

Мінэканомікі: кошты ў Беларусі не павышаюцца без мер сацабароны

Акрамя таго, прадстаўнік міністэрства адзначыў, што цэны і тарыфы ў краіне не павышаюцца без прыняцця мер сацыяльнай абароны людзей. «Беларусь не можа не рэагаваць на тыя працэсы, якія адбываюцца з цэнамі ў свеце, — сказаў Ігар Фамін. — Мы не можам заставацца ў баку пры нашай адкрытай эканоміцы ад падзей і працэсаў, якія адбываюцца сёння ў свеце, у тым ліку і росту цэнаў на нафту».
 
Павелічэнне сусветных цэн на сыравінныя рэсурсы, цукар, металы таксама негатыўна адбіваецца на эканоміцы Беларусі, аказвае ўплыў на яе развіццё, канстатаваў дырэктар дэпартаменту. «Але паколькі ў Беларусі ўжываюцца меры сацыяльнай абароны, то без іх цэны і тарыфы не павышаюцца», — дадаў Ігар Фамін.

Пры гэтым прадстаўнік мінэканомікі прызнаў, што меры сацыяльнай абароны адрозніваюцца, напрыклад, для работніка прамысловага прадпрыемства і для пенсіянера, тут сацыяльная падтрымка можа быць розная. «Разам з тым у Беларусі існуе механізм, які дазваляе абараніць грамадзян ад росту цэн і тарыфаў», — падкрэсліў дырэктар дэпартаменту. Па яго словах, у будучыні такая палітыка дзяржавы ў цэнаўтварэнні застанецца нязменнай.

«У цэлым жа далейшая лібералізацыя ў цэнаўтварэнні будзе залежаць ад працэсаў, якія будуць складацца на ўнутраным і знешнім рынках. Пры гэтым тут трэба ўлічваць і фактар развіцця прадпрыемстваў. Яны прыцягваюць інвестыцыі, укараняюць інавацыі, а гэта без грашовых уліванняў немагчыма. Таму для іх таксама важная лібералізацыя ў цэнаўтварэнні», — рэзюмаваў Ігар Фамін.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у Беларусі ў мэтах скарачэння сферы дзяржаўнага рэгулявання цэн і тарыфаў з 1 сакавіка 2011 года будзе лібералізавана цэнаўтварэнне. Адпаведны ўказ № 72 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь» 25 лютага падпісаў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.