Мінэканомікі можа знізіць прагнозны паказчык росту ВУП

28.04.2011 16:51
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі Беларусі ў цяперашні час пераглядае свой прагноз па росце ВУП. Кіраўнік ведамства Мікалай Снапкоў 28 красавіка заявіў, што хутчэй за ўсё прагнозныя паказчыкі на 2011 год будуць паніжаныя. Канкрэтныя лічбы міністр эканомікі абяцаў назваць пасля вызначэння аб'ёмаў зніжэння выдаткаў бюджэту і іншых формаў дзяржаўнай падтрымкі рэальнага сектару эканомікі.

«Калі мы сціскаем унутраны попыт, а мы кажам, што ў рамках выхаду з крызіснай сітуацыі нам неабходна ўнутраны попыт сціснуць, то гэта, безумоўна, паўплывае на ВУП, але ў якім аб’ёме, пакуль я не магу сказаць дакладна», — цытуе міністра эканомікі БелТА.

Міністэрства эканомікі таксама вымушана пералічыць прагноз інфляцыі на 2011 год. Па дадзеных на 20 красавіка, інфляцыя з пачатку года склала 8,75% пры гадавым прагнозе ў 7,5%-8,5%. «Мы цяпер новы прагноз лічым. Інфляцыя ўжо пераваліла за прагнозны ўзровень, хоць база інфляцыі без уліку энергетыкі і імпартуемых харчовых тавараў складае 3,6-3,7%», — растлумачыў Мікалай Снапкоў.

«На дадзены момант мы праводзім разлікі, мы не хацелі б памыліцца яшчэ раз. Пры гэтым асноўнымі фактарамі, якія мы выкарыстоўваем у разліках, з’яўляюцца тое, наколькі Нацбанк вызначыць раўнаважны курс, а таксама тое, наколькі сцісканне выдаткаў бюджэту дазволіць выканаць параметры ВУП. Пакуль мы канчаткова ні на першае, ні на другое пытанне адказаць не можам. Тыя сцэнары, якія мы падлічваем, нам бы пакуль не хацелася афішаваць», — адзначыў кіраўнік мінэканомікі.

Праблемы на валютным рынку Беларусі, па меркаванні міністра, таксама негатыўна адбіліся на цэнавай сітуацыі і ў ліку іншага прывяло да росту індэксу спажывецкіх коштаў.

«Інфляцыя ў прынцыпе на 75% унутры сябе нясе манетарны пачатак. Усё, што звязана з банкаўскім сектарам, з грашова-крэдытнай палітыкай, непасрэдным чынам ўплывае і на інфляцыю», — растлумачыў Мікалай Снапкоў.

Как вам новость?