Мінэканомікі: узвінчвання коштаў у Беларусі не будзе

24.06.2010 14:01
Архив Редакция

Дырэктар дэпартаменту цэнавай палітыкі мінэканомікі Ігар Фамін заявіў, што павышэнне з першага чэрвеня стаўкі першага тарыфнага разраду для бюджэтнікаў не адаб'ецца на росце коштаў у краіне.

«Ёсць такое паняцце, як адкладзены попыт. Мы не прагназуем нейкага рэзкага павелічэння коштаў у сувязі з гэтым. Я лічу, сітуацыю адрэгулюе рынак. Я не думаю, што прадаўцы будуць узвінчваць цэны. Для гэтага пакуль няма падставаў», — перадае словы Ігара Фаміна БелТА.

Прадстаўнік дэпартаменту расказаў, што ў студзені-траўні гэтага года інфляцыя ў нашай краіне склала 4%. Пры гэтым, па яго словах, у цяперашні час у краіне назіраецца некаторая дэфляцыі па такой пазіцыі, як садавінагародніная прадукцыя.

У той жа час адзначаны невялікі рост коштаў на малочныя прадукты, паўфабрыкаты, каўбасы. Гэта адбываецца ў сувязі з павелічэннем закупачных коштаў на малако, ялавічыну, свініну, адзначыў прадстаўнік мінэканомікі.

Падаражэнне энергарэсурсаў, а таксама інфляцыйныя чаканні насельніцтва — яшчэ адзін важны фактар, які аказвае ўплыў на рост цэнаў, патлумачыў Ігар Фамін.

У якасці яркага прыкладу апошняга чыноўнік прывёў чаканне падаражэння аўтамабіляў у рамках Мытнага саюза. Беларускае насельніцтва, чакаючы павелічэння ўвазных мытных пошлінаў на аўтамабілі, пачало масава ўвозіць іх у краіну. Цэны на аўтамабілі былі ўзвінчаны, але ў сувязі са змяненнем сітуацыі яны зноў пачалі зніжацца і стабілізаваццца», — растлумачыў прадстаўнік міністэрства эканомікі.

Агульную сітуацыю з коштаўтварэннем ў краіне Ігар Фамін назваў стабільнай і падкантрольнай.

Как вам новость?
Головоломки