Мінэнерга: пагадненне з РФ аб будаўніцтве АЭС праходзіць узгадненне

23.07.2010 10:16
Архив Редакция

Праект пагаднення аб будаўніцтве АЭС паміж Беларуссю і Расіяй праходзіць унутрыдзяржаўныя працэдуры ўзгаднення. Пра гэта на сустрэчы з журналістамі з краінаў Еўрасаюза паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Прадстаўнік мінэнерга таксама дадаў, што для будаўніцтва электрастанцыі плануецца задзейнічаць недзяржаўныя інвестыцыі.

Па словах намесніка міністра, робіцца гэта ў сувязі з вялікім коштам будаўніцтва. Тым не менш, чыноўнік не назваў краіну-інвестара, адзначыўшы, што гэта можна будзе зрабіць толькі пасля падпісання дамовы. Пакуль жа Беларусь укладвае ў будаўніцтва АЭС толькі ўласныя сродкі, перадае БелТА.

Як паведаміў Міхаіл Міхадзюк, мінпрыроды Беларусі ўжо завяршыла дзяржаўную экалагічную экспертызу справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай АЭС, таксама было атрымана станоўчае заключэнне тэхніка-эканамічнага абгрунтавання праекту.

«Калі не ўзнікне форс-мажорных абставінаў, першы блок АЭС будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2016 годзе», — заявіў прадстаўнік мінэнерга.

Міхадзюк: Беларусь не зробіцца залежнай ад пастаўшчыкоў ядзернага паліва для АЭС

Намеснік міністра таксама паведаміў, што неабходнасць закупкі ядзернага паліва для АЭС не паўплывае на энергабяспеку Беларусі, і краіна не зробіцца залежнай ад пастаўшчыка сыравіны.

Па ягоных словах, рэактар загружаецца як мінімум на год, таму магчымыя цяжкасці пры перамовах з пастаўшчыкамі можна ўрэгуляваць на працягу года. Таксама ядзернае паліва можна закупіць на пяць-дзесяць гадоў, бо «яно не псуецца і, на адрозненне ад вугалю і газу, не патрабуе вялікіх сховішчаў», растлумачыў намеснік міністра.

Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што сыравіну для АЭС плануецца закупляць у Расіі. Аднак, па яго словах, паліўныя тэхналогіі развіваюцца настолькі хуткімі тэмпамі, што не выключана магчымасць з’яўлення на рынку новых пастаўшчыкоў.

Как вам новость?
Головоломки