Мінэнерга: Расія адновіць пастаўкі электраэнергіі 13 чэрвеня

10.06.2011 18:43
Архив Редакция

У міністэрстве энергетыкі Беларусі чакаюць аднаўлення паставак расійскай электраэнергіі ў РБ у поўным аб'ёме з 00:00 13 чэрвеня. Як паведаміла памочніца міністра энергетыкі Беларусі Людміла Зяньковіч, адпаведная дамоўленасць з расійскім бокам была дасягнута 10 чэрвеня. 

Паводле яе слоў, па выніках сустрэчы прадстаўнікоў ДВА «Белэнерга» і ААТ «Интер РАО ЕЭС» падпісаны графік плацяжоў, згодна з якім беларускі бок абавязуецца пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня, перадае БелТА.

Акрамя таго, Людміла Зяньковіч адзначыла, што беларускія спажыўцы не пацерпяць ад зніжэння імпарту электраэнергіі. Паводле яе слоў, агульны працэнт паставак ААТ «Интер РАО ЕЭС» у балансе сутачнага энергаспажывання краіны знізіўся з 12% да 7%.

«Беларускія спажыўцы электраэнергіі не пацерпяць ад зніжэння яе паставак з боку аднаго з імпарцёраў, паколькі энергасістэма Беларусі ў стане забяспечыць бесперабойнае электразабеспячэнне ў краіне», — падкрэсліла Людміла Зяньковіч.

Як раней паведамляў Тэлеграф, запазычанасць Беларусі перад Расіяй за пастаўленую электраэнэргію складае каля 1,5 млрд расійскіх рублёў. Яна ўтварылася з-за адсутнасці валюты для аплаты паставак у беларускага боку.

Как вам новость?
Головоломки