Мінэнерга РФ: стварэнне АЭП можа знішчыць нафтаперапрацоўку Расіі

26.11.2010 11:29
Архив Редакция

Міністэрства энергетыкі Расіі выступіла супраць павелічэння ў 2011 годзе ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі экспартных пошлін на нафтапрадукты да ўзроўню 85-90% ад нафтавых, што выкліча рост выдаткаў расійскіх нафтавікоў на 15 млрд. даляраў. На думку экспертаў мінэнерга, гэта можа прывесці да краху расійскай нафтаперапрацоўкі.

«Мы лічым, што гэтыя лічбы без дадатковых кампенсавальных мераў не проста значна, а катэгарычна пагоршаць эканоміку нафтаперапрацоўкі ў краіне», — заявіў 24 лістапада міністр Сяргей Шматко, перадае Газета.ru.

«Мы не пагадзіліся, што павышэнне экспартнай пошліны на нафтапрадукты з’яўляецца прынятым рашэннем, і мы зараз павінны знайсці кампенсавальныя меры. Можа быць прынята зусім іншае рашэнне», — адзначыў кіраўнік мінэнерга РФ, паведаміўшы, што дадзеным пытаннем зоймецца віцэ-прэм’ер Ігар Сечын.

Па ўмовах АЭП з 2011 года пошліны на ўвоз расійскай нафты на тэрыторыю Беларусі і Казахстана павінны быць адмененыя. Таксама дамова прадугледжвае пералік Беларуссю ўсіх паступленняў ад экспартных пошлінаў на нафтапрадукты, атрыманыя з расійскай нафты, у бюджэт Расіі. Для павелічэння гэтых даходаў і кампенсацыі адмены пошлінаў на сырую нафту, міністэрства фінансаў Расіі прапанавала павялічыць пошліны на нафтапрадукты. Як паведаміў міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын, павышэнне стаўкі па нафтапрадуктах абыйдзецца расійскім нафтавікам ў 15 млрд. даляраў на год.

«Цяпер мы выбіраем шлях — ці даць субсідыі нашым кампаніям, або на гэтую велічыню паменшыць падатак на здабычу карысных выкапняў і такім чынам выраўнаваць сітуацыю», — распавёў Аляксей Кудрын.

Эксперт: рэалізаваць гэтыя мерапрыемствы на практыцы будзе цяжка

«ПЗКВ для пачатку трэба неяк увязаць з пошлінамі на нафтапрадукты, а акрамя таго, будзе вельмі складана разлічыць, каму і як панізіць гэты падатак. Размеркаванне субсідый таксама звязана з вельмі складанымі разлікамі і тэхнічнымі цяжкасцямі», — заявіў аналітык ІФД «Капиталъ» Віталь Крукаў.

Акрамя таго, ратыфікацыя асноўнага пакету дакументаў па стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы можа адбыцца да канца 2010 года. Гэта значыць, рашэнне аб павелічэнні пошлінаў можа ўступіць у сілу, а механізм кампенсацыі выдаткаў яшчэ не будзе распрацаваны. «Гэта прывядзе да таго, што ў кампаній павялічыцца патрэба ў адваротным капітале, а гэта, у сваю чаргу, негатыўна адаб’ецца на грашовых патоках кампаній і тэрмінах рэалізацыі інвестыцыйных планаў», — растлумачыў Віталь Крукаў.

Паводле яго слоў, праз адмену пошлін на сырую нафту для Беларусі Расія страціць каля 4,7 млрд. даляраў, даходы ж ад беларускіх пералічэнняў пры павышаных пошлінах на нафтапрадукты прынясуць ёй каля 4,1 млрд. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки