Мінфін абвяргае інфармацыю пра не вернутым Расіі доўгу

09.02.2011 11:47
Архив Редакция

Міністэрства фінансаў РБ абвяргае інфармацыю аб тым, што Беларусь не вярнула Расіі 1,5 млрд. расійскіх рублёў, выдзеленых з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У мінфіне заявілі, што, будучы суверэнным пазычальнікам, Беларусь ніколі не атрымлівала крэдыты з саюзнага бюджэту. Згаданыя сродкі ж, паводле інфармацыі мінфіна, вылучаліся на фінансаванне праграмаў, якія тычацца праваахоўнай дзейнасці ў Саюзнай дзяржаве. 

Як распавялі ў мінфіне, 1,5 млрд. расійскіх рублёў са сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы былі вылучаныя ў 2009 годзе. У 2010 годзе асваенне сродкаў па названых праграмах склала 93,3%, перадае БелаПАН.

Між тым раней паведамлялася, што Падліковая палата Расіі і Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі звярнуліся да ўрада Саюзнай дзяржавы з просьбай забяспечыць вяртанне бюджэтных крэдытаў на 1,5 млрд. расійскіх рублёў. Пра гэта пасля заканчэння сумеснага пасяджэння калегій кантрольных ведамстваў Беларусі і Расіі 7 лютага ў Маскве паведаміў кіраўнік Падліковай палаты Расіі Сяргей Сцяпашын, перадае РИА «Новости».

Па словах Сяргея Сцяпашына, дадзеныя крэдыты выдзяляліся на рэалізацыю чатырох буйных праграм Саюзнай дзяржавы. Аднак, паводле яго слоў, гэтыя праграмы да канца рэалізаваныя не былі, а астатнія сродкі да гэтага часу не вернутыя.

Кіраўнік Падліковай палаты Расіі таксама заявіў, што па інфармацыі кантрольных ведамстваў дзвюх краін сітуацыя з засваеннем бюджэтных сродкаў Саюзнай дзяржавы палепшылася толькі ў 2010 годзе. Бюджэт быў засвоены на 95%.

Как вам новость?