Мінфін Беларусі абяцае не ўводзіць ніякіх новых падаткаў

09.02.2011 12:07
Архив Редакция

Ніякія новыя падаткі ў Беларусі ўводзіцца не будуць. Аб гэтым заявіў 9 лютага міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец на пасяджэнні калегіі міністэрства. Пры гэтым кіраўнік ведамства нагадаў, што "ў мінулым пяцігоддзі нямала зроблена для якаснага паляпшэння характарыстык падатковай сістэмы". У прыватнасці, адзначыў міністр, за пяць гадоў у краіне адмянілі 26 падатковых плацяжоў. 

«Такім чынам, цалкам вырашана пытанне са структурай падаткаў і колькасцю падатковых плацяжоў, якія адпавядаюць стандартам развітых краінаў. Можна з поўнай упэўненасцю заявіць, што ў рамках новай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ніякія новыя падаткі ўводзіцца не будуць. У гэтым няма неабходнасці», — цытуе кіраўніка мінфіна БелТА.

«У цяперашні час плацельшчыкі выплочваюць сем асноўных падаткаў, якія дазваляюць фінансаваць дзяржаўныя выдаткі на неабходным узроўні, не ствараючы пры гэтым абмежаванняў для эканамічнага росту», — канстатаваў Андрэй Харкавец.

Мінфін рыхтуе зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак на 2-4%

Акрамя таго, па словах міністра фінансаў, стаўка падатку на прыбытак у Беларусі з 2012 года можа быць зніжана на 2-4%. Андрэй Харкавец таксама не выключае, што ў выпадку дасягнення беларускай эканомікай станоўчых вынікаў і высокіх тэмпаў росту, стаўка падатку на прыбытак можа быць зніжана да 18%.

Пры гэтым прапануецца з 2012 года вывесці інвестыцыйныя праекты з-пад падаткаабкладання на прыбытак да поўнай акупнасці затрат, а таксама панізіць да 10% стаўку падатку на прыбытак ад рэалізацыі высокатэхналагічных тавараў беларускай вытворчасці, адзначыў кіраўнік мінфіна.

Паводле слоў Андрэя Харкаўца, таксама прапануецца зняць часавыя і колькасныя абмежаванні на вяртанне з бюджэту ПДВ. Андрэй Харкавец мяркуе, што дадзеныя меры дазволяць істотна папоўніць абаротныя сродкі прадпрыемстваў і падштурхнуць іх да актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці.

Как вам новость?
Головоломки