26.04.2011 16:42
Архив

Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец 26 красавіка паведаміў, што Беларусь разлічвае на працягу тыдня ўзгадніць з расійскім бокам ўмовы атрымання крэдытаў. Па словах кіраўніка мінфіна Беларусі, бакі ўжо ўзгаднілі тыя мерапрыемствы, якія Беларусь павінна рэалізаваць у рамках макраэканамічнай стабілізацыі.

У панядзелак, 25 красавіка, у Маскве прайшла беларуска-расійская сустрэча на ўзроўні намеснікаў кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Андрэй Харкавец адзначыў, што ў ходзе сустрэчы бакі сышліся ў ацэнках неабходнасці Беларусі ў фінансаванні з боку Расіі і Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Бакі таксама дамовіліся аб тым, што ўжо з наступнага тыдня ў Беларусь прыбудуць эксперты Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, дзе непасрэдна працягнуць неабходныя кансультацыі, перадае БелТА.

«Мы на наступным тыдні плануем выйсці на выніковы дакумент, які будзе прапанаваны да падпісання на ўзроўні кіраўніцтва цэнтральных банкаў і міністэрстваў фінансаў Беларусі і Расіі. Думаю, што праз наступны тыдзень мы абмяркуем гэтыя пытанні з міністрам фінансаў Расіі», — заявіў Андрэй Харкавец.

Паколькі практычна ўсе тэхнічныя пытанні бакі ўжо вырашылі, міністр фінансаў Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што ўжо праз тыдзень выніковы дакумент будзе гатовы да падпісання.

У той жа час Андрэй Харкавец растлумачыў, што падпісанне дамовы — гэта толькі «старт для выканання неабходных тэхнічных працэдур», прадугледжаныя мінфінамі Беларусі і Расіі, а таксама Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. У сувязі з гэтым назваць канкрэтныя тэрміны атрымання крэдыту беларускі міністр не змог. «У прыватнасці, калі мы гаворым аб фінансаванні з антыкрызіснага фонду, трэба разумець, што адпаведнае рашэнне будзе прынята ў рамках пасяджэння савета кіраўнікоў гэтага фонду», — растлумачыў кіраўнік мінфіна Беларусі, адзначыўшы, што гэтая сустрэча павінна адбыцца ў траўні гэтага года.

Мінфін Расіі: на перамовы па крэдыце сыдзе два-тры тыдні

Адначасова з гэтым дырэктар дэпартаменту міжнародных фінансавых адносін мінфіна Расіі Андрэй Бакаров заявіў, што на ўзгадненне ўмоў прадстаўлення крэдыту (яго аб’ёмы і адсоткі) у Беларусі і Расіі могуць сысці два-тры тыдні, перадае РИА «Новости».

«Мы чакаем, што ў бліжэйшыя два-тры тыдні выйдзем на дамоўленасці па ўмовах і параметрах прадстаўлення падтрымкі», — заявіў Андрэй Бакароў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Беларусь звярнулася да ўрада Расіі і ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС за атрыманнем крэдытаў на агульную суму ў тры мільярды даляраў. Расійскі бок для атрымання дадзеных сродкаў выставіў умовы, «звязаныя са структурнымі рэформамі». У пачатку сакавіка беларускі ўрад перадаў у мінфін Расіі праект праграмы антыкрызісных мер, які неабходны для атрымання крэдыту.

Выступаючы ў Вашынгтоне на форуме па расійска-амерыканскіх адносінах кіраўнік расійскага мінфіна Аляксей Кудрын заявіў, што Расія гатова аказаць Беларусі дапамогу толькі, калі Мінск працягне рэформы. У сярэдзіне красавіка міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын паведаміў, што перамовы па ўмовах фінансава-крэдытнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй могуць быць завершаны на працягу месяца.

Следите за новостями так, как вам удобно:

Подпишитесь на новостную ленту Telegraf.by в удобном для вас сервисе и ничего не пропускайте!

Дзен Новости Google Новости Telegram Facebook VK.com OK.ru Пульс