Мінфін РФ назваў пяць прынцыпаў працы з нафтапошлінамі

10.11.2010 17:06
Архив Редакция

У рамках перамоваў па Мытным саюзе дасягнута пяць асноўных дамоўленасцяў, якія прызнаюцца ўсімі ўдзельнікамі. Пра гэта 10 лістапада паведаміў кіраўнік дэпартаменту Мінфіна РФ па падатковай і мытна-тарыфнай палітыцы Ілля Трунін. Чыноўнік таксама падкрэсліў, што Расія захавала за сабой права павысіць экспартныя пошліны на нафтапрадукты да ўзроўню экспартнай пошліны на нафту.

Па словах Іллі Труніна, першы прынцып, на якім сышліся ўдзельнікі Мытнага саюза, — узаемны гандаль павінен ажыццяўляцца без спагнання экспартных пошлінаў.

«Другі прынцып — мы (Расія) захоўваем сваё права павялічваць экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты да вывазной пошліны на нафту. Трэці прынцып — што Беларусь не прадпрымае намаганняў, каб субсідаваць сваю нафтаперапрацоўку. Чацверты прынцып звязаны з тым, што мы, калі прымем рашэнне павысіць пошліны на нафтапрадукты да пошліны на нафту, маем права субсідаваць сваю нафтаперапрацоўку. Пяты прынцып — што беларусы спаганяюць пошліны на нафту і нафтапрадукты з усяго аб’ёму экспарту і пералічваюць іх у расійскі бюджэт», — растлумачыў чыноўнік, перадае ПРАЙМ-ТАСС.

Як адзначыў Ілля Трунін, у цяперашні час праца вядзецца над тым, як тэхнічна беларускі бок будзе ажыццяўляць плацяжы ў расійскі бюджэт.

Таксама, па словах чыноўніка, пытанне павышэння экспартных пошлінаў на нафтапрадукты да ўзроўню экспартнай пошліны на нафту пакуль сур’ёзна не абмяркоўвалася, бо мінэнерга РФ пакуль не выступала афіцыйна з адпаведнай ініцыятывай. «Мы не звязаныя 2011 годам, гэта наша права, але мы не абавязаныя ім скарыстацца», — агучыў Ілля Трунін пазіцыю Расіі.

Трунін: у Расіі няма жадання субсідаваць беларускую нафтаперапрацоўку

Кіраўнік дэпартаменту нагадаў, што шляхам захавання нізкай пошліны на нафтапрадукты расійскі ўрад аказваў ускоснае субсідаванне расійскай нафтаперапрацоўкі. «Абмяркоўваючы гэтае пытанне (аб павышэнні пошлін на нафтапрадукты — Тэлеграф), урад прыйшоў да высновы, што мы хочам, магчыма, субсідаваць расійскую нафтаперапрацоўку, але ў нас няма такога жадання ў дачыненні нафтаперапрацоўкі беларускай, а, дзейнічаючы ў Мытным саюзе, мы не зможам выбарачна рэгуляваць пошліны для расійскіх і беларускіх нафтапрадуктаў», — адзначыў Ілля Трунін. У выніку, па словах чыноўніка, было прынята рашэнне захаваць за Расіяй права змяняць пошліны.

Пры гэтым кіраўнік дэпартамента мінфіна РФ па падатковай і мытна-тарыфнай палітыцы дадаў, што раней урадам было прынята супрацьлеглае рашэнне аб выраўноўванні пошлінаў на цёмныя і светлыя нафтапрадукты і давядзенні іх да ўзроўню 60% ад экспартнай пошліны на нафту да 2013 года. Такім чынам, паводле гэтага рашэння пошліна на светлыя нафтапрадукты будзе значна ніжэйшый за цяперашні ўзровень. У мінэнерга РФ, па словах чыноўніка, у цяперашні час распрацоўваецца графік уніфікацыі пошлін.

Ілля Трунін падкрэсліў, што ў расійскага ўрада няма задачы падтрымліваць усе існыя нафтаперапрацоўчыя заводы. «Нафтаперапрацоўка — гэта паняцце настолькі шырокае, што калі мы пад нафтаперапрацоўкай разумеем проста падзел на светлыя і цёмныя нафтапрадукты, гэта значыць першасную перапрацоўку, то такой задачы (падтрымкі ўсіх НПЗ) у нас няма», — сказаў расійскі чыноўнік.

«Наадварот, вялікая колькасць гэтых нафтазаводаў, на якіх гэтая першасная перапрацоўка здзяйсняецца, яна, па-мойму, залішне», — дадаў Ілля Трунін. На думку чыноўніка, кажучы аб развіцці нафтаперапрацоўкі, прэзідэнт РФ і прэм’ер-міністр маюць на ўвазе павышэнне яе якасці, выхад на новы ўзровень. «Шляхам ўтрымання пошлін на нізкім узроўні гэтую задачу вырашыць нельга», — лічыць кіраўнік дэпартаменту мінфіна РФ.

Как вам новость?