Мінфін РФ: у снежні могуць павысіцца нафтапошліны ў рамках МС

12.11.2010 16:39
Архив Редакция

У снежні 2010 года можа быць прынята рашэнне аб павышэнні экспартных пошлінаў на нафтапрадукты ў рамках Мытнага саюза. Пра гэта 12 лістапада паведаміў намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Шаталаў. Гэтае пытанне будзе разглядацца 19 лістапада ў Санкт-Пецярбургу на міждзяржаўным савеце Беларусі, Казахстана і Расіі прэм'ер-міністрамі трох дзяржаў.

«Мы гатовыя да пагаднення аб размеркаванні экспартных пошлінаў і аб парадку спагнання. Мы вядзем няпростыя перамовы з Беларуссю. Відаць, давядзецца прымаць гэтае рашэнне на самым высокім палітычным узроўні. Як толькі яно будзе прынята, у нас з’явіцца новы гарызонт разумення, і вельмі можа быць, што мы ўжо ў снежні такое рашэнне (павышэнне пошлін) прымем», — заявіў Сяргей Шаталаў.

У гэтым выпадку, па словах намесніка міністра фінансаў Расіі, ужо з 1 студзеня 2011 года рашэнне можа ўступіць у сілу, перадае РБК.

Паводле ацэнак мінфіна Расіі, каб забяспечыць роўную рэнтабельнасць паставак нафты і нафтапрадуктаў, неабходна павялічыць экспартныя пошліны на нафтапрадукты да 85-90% ад экспартнай пошліны на нафту. Сяргей Шаталаў растлумачыў, што такі памер пошліны — гэта сярэдняя адзнака па «кошыку» нафтапрадуктаў (светлых і цёмных) з улікам захавання дыферэнцыяцыі.

«Адмяняць дыферэнцыяцыю адразу па светлых і цёмных нафтапрадуктах, на мой погляд, не зможам адным крокам. Мусіць, на гэта давядзецца выдаткаваць некалькі гадоў, перш чым мы звядзем іх (пошлiны) разам», — заявіў намеснік міністра фінансаў Расіі.

Сяргей Шаталаў таксама адзначыў, што ў выніку адмены ўскоснай субсідыі для нафтаперапрацоўшчыкаў ў Беларусі Расія атрымае два мільярды даляраў на год. У далейшым, па словах чыноўніка, расійскія нафтаперапрацоўшчыкі будуць атрымліваць ад дзяржавы субсідыі на мадэрнізацыю. На думку мінфіна Расіі, іх памер павінны будуць вызначыць міністэрства энергетыкі і міністэрства прамысловасці і гандлю.

Акрамя таго Сяргей Шаталаў паведаміў, што міністэрства фінансаў мае намер у 2012 годзе прапанаваць новую мадэль падаткаабкладання нафтавай галіны, якая прадугледжвае ўвядзенне новага падатку на дададзены даход пры зніжэнні падатку на здабычу карысных выкапняў і экспартных пошлінаў на нафту.

Как вам новость?