Мінфін: шанцы на атрыманне крэдыту МВФ дастаткова высокія

09.06.2011 16:30
Архив

Міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец высока ацаніў шанцы краіны на атрыманне крэдыту МВФ. "Я выказваю надзею на тое, што гэта было б напэўна дакладна з пункту гледжання калектыўнай падтрымкі эканомікі краіны і высілкаў урада і Нацыянальнага банка, бо гэта сусветная практыка, калі некалькі інстытутаў аб'ядноўваюць свае рэсурсы, магчымасці, інтэлектуальны патэнцыял, каб гарманізаваць свае праграмы", - сказаў ён.

«Шанцы на атрыманне крэдыту МВФ залежаць ад ацэнак экспертаў МВФ і падабенстве гэтых ацэнак з экспертнымі ацэнкамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. На мой погляд, тая праграма, якая распрацавана з Антыкрызісным фондам, досыць глыбока прапрацавана і ўстанаўлівае мэты для эканомікі краіны. Яна ахоплівае ўсе асноўныя макраэканамічныя звёны: і грашова-крэдытную, і бюджэтную палітыку. Акрамя таго, сама праграма прадугледжвае карэкціроўкі ў бюджэтным сектары і структурныя рэформы. Таму па сваім напаўненні праграма з Антыкрызісным фондам — гэта аналаг стандартных умоў міжнародных фінансавых арганізацый да дзяржаваў, якія вымушаныя карэктаваць сваю макраэканамічную палітыку ў мэтах яе стабілізацыі», — адзначыў міністр,

Мінфін чакае ад МВФ прапаноў аб большай глыбіні паказчыкаў або аб вялікіх структурных зменах. «Але па структуры самой праграмы я не знаходжу свабоднай нішы, якую мог бы запоўніць Міжнародны валютны фонд», — заўважыў Андрэй Харкавец, перадае БелТА.

Чыноўнік таксама паведаміў, што на пасяджэнні Антыкрызіснага фонду ЕвраАзЭС абмяркоўвалі магчымасць кансалідацыі стабілізацыйнай праграмы, узгодненай з фондам, і будучай праграмы з МВФ.

Мінфін пераглядае сістэму падатковых ільгот

«У якасці мер стабілізацыйнай праграмы, улічваючы, што скарачаецца дэфіцыт бюджэту, мы павінны казаць аб максімальнай кансалідацыі рэсурсаў у бюджэце. Таму адмену льгот, масавых льгот, індывідуальных ільгот, уплыў якіх на прадпрыемства ацаніць складана, мы звязваем з магчымасцю мадэрнізацыі падатковай сістэмы», — заявіў Андрэй Харкавец.

«Тэза аб тым, што, адмяніўшы падатковыя льготы, мы можам пайсці ў цэлым на зніжэнне падатковай нагрузкі ў краіне, у прыватнасці на зніжэнне стаўкі падатку на прыбытак з 24% да 20%, на наш погляд, здаецца эканамічна абгрунтаваным і магчымым у рэалізацыі», — сказаў ён.

У сувязі з гэтым мінфін у праекце бюджэту на 2012 год будзе прапаноўваць гэтыя меры ў якасці асноўных у плане паляпшэння падатковага адміністравання.

Дыпламат: без палітычных зменаў Беларусь крэдыт не атрымае

Дыпламат адной з еўрапейскіх краін скептычна разглядае магчымасць атрымання Мінскам крэдыту ад МВФ. Паводле яго слоў, ЗША і ЕС, якія «маюць вырашальны голас пры вызначэнні таго, ці будзе вылучаны запытаны крэдыт», «не могуць закрыць вочы на сітуацыю».

«Пры нязменнасці палітычных абставінаў шанцы на тое, што Беларусь атрымае крэдыт МВФ, роўныя нулю», — адзначыў ён, перадае «Наша Ніва».

Дыпламат паведаміў, што «ніякіх канкрэтных размоваў з Мінскам не вядзецца», а сігналы, якія «Мінск, можа, і пасылае, несур’ёзныя і непаслядоўныя». На яго думку, калі сітуацыя не зменіцца, ЕС працягне палітыку ігнаравання.

Ён падкрэсліў, што хоць перамовы з МВФ вядуць чыноўнікі з урада, усе разумеюць, што рашэнні прымаюць не яны. Дыпламат не выключае, што крызіс у Беларусі будзе развівацца па спіралі. «Ствараецца ўражанне, што ўлады Беларусі нічога не робяць», — заявіў ён.