Мінфін: у верасні плануецца павялічыць стаўкі акцызаў на алкаголь і тытунь

21.07.2010 16:09
Архив Редакция

У верасні ў Беларусі плануецца павялічыць стаўкі акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення падатковай палітыкі і даходаў бюджэту Міністэрства фінансаў Дзмітры Кійко. Па словах прадстаўніка мінфіна, акцызы на алкагольную прадукцыю плануецца ў сярэднім павысіць на 10%, на тытунёвыя вырабы - не менш чым на 20%.

«Дадзенае рашэнне цяпер праходзіць узгадненне ў зацікаўленых ведамствах», — цытуюць Дзмітрыя Кійко «Беларускія навіны».

Па словах прадстаўніка мінфіна, сярод прычынаў павышэння акцызаў на алкаголь і тытунь — дзеянне ў Беларусі дзяржаўнай праграмы па барацьбе з алкагалізмам, якая прадугледжвае рост акцызаў апераджальнымі тэмпамі, а таксама дамоўленасць з Міжнародным валютным фондам у рамках праграмы супрацоўніцтва stand-by.