Мінгандлю абяцае рэгістраваць інтэрнэт-крамы за адзін дзень

01.04.2010 16:55
Архив Редакция

Міністэрства гандлю распрацавала праект пастановы Саўміна пра зацвярджэнне палажэння пра парадак рэгістрацыі інтэрнэт-крам у Гандлёвым рэестры Беларусі. "Праектам мяркуецца, што рэгістрацыя інтэрнэт-крам будзе ажыццяўляцца на працягу аднаго дня з моманту падачы суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці адпаведнай заявы", — распавялі ў міністэрстве.

«Акрамя таго, дадзеныя пра зарэгістраваную інтэрнэт-краму будуць уносіцца ў Гандлёвы рэестр, звесткі з якога змешчаны на сайце міністэрства гандлю», — паведамілі ў мінгандлю.

У міністэрстве таксама паведамілі пра тое, што за апошнія два гады ў Беларусі колькасць зарэгістраваных інтэрнэт-крам павялічылася больш чым у пяць разоў. «На пачатак 2008 года ў Мінску было зарэгістравана каля 500 інтэрнэт-крам, на пачатак 2009 года — 1,6 тыс., на пачатак гэтага года ўжо каля 2,8 тыс. Галоўным чынам, дадзеныя крамы рэгіструецца ў сталіцы і на тэрыторыі Мінскай вобласці», — адзначылі ў ведамстве.

Як правіла, падкрэслілі ў мінгандлю, праз дадзеныя крамы рэалізуюцца кнігі, дыскі, кампутарная тэхніка, сотавыя тэлефоны, пральныя машыны, тэлевізары, запасныя часткі да аўтамабіляў і гэтак далей.

«У наш час дзейнасць інтэрнэт-крам урэгулявана ў дастатковай ступені, што дазваляе арганізаваць улік і кантроль за дзейнасцю інтэрнэт-крам», — паінфармавалі ў ведамстве.

У міністэрстве гандлю таксама нагадалі пра тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам праз інтэрнэт-крамы забаронена рэалізацыя: алкагольных напояў, піва і слабаалкагольных напояў, тытунёвых вырабаў, вырабаў з каштоўных металаў і каштоўных камянёў, піратэхнічных вырабаў, лекавых сродкаў, біялагічна актыўных дадаткаў да ежы, якія падлягаюць рэалізацыі толькі праз аптэкі, ветэрынарных сродкаў, зброі і патронаў да яе.

Как вам новость?