Мінгандлю: Беларусь пераламала негатыўную тэндэнцыю ў знешнім гандлі

26.05.2010 18:00
Архив Редакция

Беларусь пераламала негатыўную тэндэнцыю мінулага года ў знешнім гандлі. Пра гэта паведаміў намеснік міністра гандлю Беларусі Алег Якубовіч. "Цяпер негатыўная тэндэнцыя 2009 года ў знешнім гандлі пераломлена і экспарт расце. Прадпрымаецца цэлы шэраг мераў па барацьбе з адмоўным сальдам у знешнім гандлі", — сказаў ён.

«У рамках кампетэнцыі міністэрства гандлю прымаюцца каласальныя высілкі, каб забяспечыць прасоўванне беларускай прадукцыі на замежныя рынкі. Ствараюцца гандлёвыя дамы як у блізкім замежжы, так і ў далёкім. Так, цяпер праводзіцца актыўная праца па стварэнні гандлёвага дому ў Венесуэле», — адзначыў Алег Якубовіч, перадае БелТА.
У якасці прыкладу намміністра расказаў, што па выніках першага квартала гэтага года аб’ём паставак беларускіх тавараў праз суб’екты тавараправоднай сеткі склаў 727,7 млн. даляраў ( ці 175,9% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года).
«Спрыяць экспарту беларускіх тавараў павінна і ратыфікаванае 26 траўня дэпутатамі міжурадавая беларуска-ўкраінская дамова аб выязным кірмашовым гандлі таварамі нацыянальнай вытворчасці ў прымежных рэгіёнах, — лічыць Алег Якубовіч. — Яна прадугледжвае наяўнасць у кожным прымежным раёне Беларусі і Украіны арганізатара выязнога кірмашовага гандлю. Акрамя таго, Беларусь і Украіна спросцяць парадак выдачы дазволаў на выязны кірмашовы гандаль для суб’ектаў гаспадарання абедзвюх дзяржаў».
Беларусь у першым квартале 2010 года павялічыла аб’ём знешняга гандлю таварамі ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года на 17,1% да больш як 11,776 млрд. даляраў. Пры гэтым экспарт тавараў узрос на 29,2% да 5,269 млрд. даляраў, імпарт — на 8,9% да 6,506 млрд. даляраў. Сальда знешняга гандлю таварамі склалася адмоўнае ў памеры 1,236 млрд. даляраў (у студзені-сакавіку 2009 года адмоўнае сальда складала 1,896 млрд. даляраў).
Акрамя таго, у першым квартале гэтага года Беларусь гандлявала са 160 краінамі. Тавары пастаўляліся на рынкі 126 дзяржаў, імпартавалася прадукцыя з 135 краінаў. Асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Беларусі былі Расія (48% усяго аб’ёму таваразвароту), Нідэрланды (6,5%), Украіна (6,4%), Нямеччына (4,3%), Кітай (3,9%), Польшча (3,8%), Бразілія (1,9%), Злучанае Каралеўства (1,8%), а таксама Італія (1,7%) і Літва (1,2%).

Как вам новость?
Головоломки