Мінгандлю: пастаўкі прадуктаў у крамы жорстка кантралююцца

19.05.2011 16:32
Архив Редакция

Міністэрства гандлю Беларусі жорстка кантралюе пастаўкі прадуктаў харчавання павышанага попыту ў раздробную сетку краіны. Пра гэта 19 траўня заявіла начальніца ўпраўлення арганізацыі спажывецкага рынку харчовымі таварамі міністэрства Любоў Язэпчык.

Па словах прадстаўніка ведамства, прадпрыемствы ў поўным аб’ёме здавальняюць патрэбы рынку. Любоў Язэпчык адзначыла, што ў цяперашні час беларускія крамы поўнасцю забяспечаны грачанымі крупамі, рысам, просам, а таксама цукрам і раслінным алеем, на якія ў красавіку быў павышаны попыт, перадае БелТА.

«Нам удалося пагасіць красавіцкую хвалю ажыятажнага попыту на асобныя прадукты харчавання, такія як крупы, цукар, алей, павялічыўшы іх пастаўкі за кошт рэзерваў прадпрыемстваў. Цяпер відавочна, што той ажыятажны попыт быў справакаваны чуткамі і штучна падагрэты», — падкрэсліла Любоў Язэпчык.

Між тым, на гэтым тыдні паўстаў ажыятажны попыт на прадукты харчавання працяглага тэрміну захоўвання: соль, рыбу, гарэлку, цукар, алей, муку і крупы. Аднак мінгандлю аператыўна прадпрымае неабходныя меры, каб кантраляваць сітуацыю.

Да прыкладу, у сувязі з ажыятажным попытам на соль мінгандаль дамовіўся з кіраўніцтвам канцэрна «Белдзяржхарчпрам» аб пераносе на больш позні тэрмін запланаванага прафілактычнага рамонту на ААТ «Мазырсоль». У цяперашні час прадпрыемства працуе ў звычайным рэжыме.

Любоў Язэпчык таксама адзначыла, што пастаўка сацыяльна значных тавараў па заяўках гандлёвых арганізацый ажыццяўляецца з апярэджаннем, у поўным аб’ёме і ў неабходным асартыменце. Акрамя таго, любыя факты неабгрунтаванага павелічэння коштаў на прадукты харчавання спыняюцца.

Прадстаўніца мінгандлю таксама параіла грамадзянам не кіравацца чуткамі і не рабіць неапраўданыя запасы. «Пастаўкі ў гандлёвую сетку рытмічна, перабояў няма. Прадукты будуць і надалей у гандлі ўвесь час і па прымальных цэнах. Мы заклікаем не падавацца паніцы і не ствараць нічым не апраўданы ажыятажны попыт», — заявіла Любоў Язэпчык.

Как вам новость?
Головоломки