Мінгарвыканкам дазволіў "Чарнобыльскі шлях" па звыклым маршруце

21.04.2010 12:21
Архив Редакция

Арганізатары акцыі "Чарнобыльскі шлях" атрымалі дазвол Мінгарвыканкама на правядзенне шэсця ў Мінску. У заяўцы, перададзенай раней гарадскім уладам, у якасці канцавога пункту шэсця значылася Кастрычніцкая плошча. Аднак Мінгарвыканкам дазволіў правесці "Чарнобыльскі шлях" па звыклым маршруце ад Акадэміі навук да парку Дружбы народаў.

«Мінгарвыканкам прадставіў такі кампрамісны варыянт. Таму пасля збору на Акадэміі навук мы пройдзем да Чарнобыльскай капліцы — памаліцца і ўскласці кветкі. Мітынг у парку Дружбы народаў праводзіцца не будзе», — паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі.

Дэманстранты плануюць сабрацца 26 красавіка ў 18:00 на пляцоўцы каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Дзяніс Садоўскі таксама паведаміў, што заяўнікі акцыі «Чарнобыльскі шлях» запрошаны 21 красавіка да 10:00 у ідэалагічнае ўпраўленне Мінгарвыканкама для гутаркі ў сувязі з правядзеннем акцыі.

Як раней паведамляў Тэлеграф, у аргкамітэт па правядзенні мерапрыемства сёлета ўвайшлі прафесар Іван Нікітчанка, старшыня аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, член палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Ваўчанін, мастак Аляксей Марчкін, а таксама і іншыя грамадскія і палітычныя дзеячы.

Как вам новость?
Головоломки