Мінгарвыканкам пракантралюе працу дэпутатаў мясцовых саветаў

30.08.2010 10:38
Архив Редакция

Мінгарвыканкам распрацаваў план мерапрыемстваў па рэалізацыі наказаў мінчукоў, дадзеных кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога савета 26-га склікання ў ходзе перадвыбарчай кампаніі. Тэрмін рэалізацыі мерапрыемстваў адпавядае перыяду паўнамоцтваў дэпутатаў — 2010-2013 гады. Штогод народныя абранцы будуць рабіць справаздачу аб зробленай працы.

Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама на першапачатковым этапе сабрала і прааналізавала 336 праблемных пытанняў і наказаў мінчукоў. Частка праблем ужо вырашана. Таму ў плане мерапрыемстваў значыцца каля 200 пунктаў, перадае БелТА.

Большасць зваротаў грамадзянаў (43%) тычацца працы жыллёва-камунальнай гаспадаркі (добраўпарадкаванне двароў, арганізацыя парковак). На пытанні жыллёвай палітыкі прыпала 14,5% зваротаў, транспартнага забеспячэння — 13,7%, гандлю, бытавога абслугоўвання — 12%, паляпшэння матэрыяльнай базы ў сферах культуры, адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы здароўя — 20%. 36% праблемных пытанняў для вырашэння патрабуюць выдзялення фінансавых сродкаў. Таму іх плануюць ўлічыць пры фармаванні мэтавых праграм на наступныя гады.

«Выкананне уключаных у план мерапрыемстваў наказаў выбаршчыкаў прадэманструе увагу, якую надае Мінгарвыканкам рашэнню жыццёва важных праблемаў гараджан, будзе спрыяць выяўленню і комплекснаму рашэнню сацыяльна значных пытанняў насельніцтва, а таксама павышэнню адказнасці за іх своечасовае і якаснае рашэнне», — перакананы начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы гарвыканкама Сяргей Хільман.

Альфер: дэпутаты павінны кантраляваць Мінгарвыканкам, а не наадварот

Эксперт у сферы выбарчага права Сяргей Альфер мяркуе, што ў вышэй пададзенай інфармацыі «хутчэй за ўсё, нешта наблытана», паведамляе «Ежедневник».

«Па-першае, гэта дэпутаты павінны кантраляваць Мінгарвыканкам, а не наадварот. Па-другое, выкананне наказаў выбаршчыкаў цяперашнім заканадаўствам не прадугледжана. Гэта была старая савецкая практыка. Лічылася, што выбаршчыкі даюць дэпутату наказы, і ён працуе над іх выкананнем. На самой справе і тады па наказах выбаршчыкаў нічога не рабілася, і цяпер падобная практыка асуджаная на выміранне», — лічыць Сяргей Альфер.

У той жа час, па словах спецыяліста, калі Мінгарвыканкам сапраўды зацвердзіў план мерапрыемстваў па рэалізацыі наказаў мінчукоў, дадзеных кандыдатам у дэпутаты гарадскога савета, то ён пачаў выконваць не ўласцівыя яму функцыі.

Как вам новость?