Мінгарвыканкам забараніў праводзіць "Чарнобыльскi шлях" у цэнтры Мінску

19.04.2011 16:12
Архив Редакция

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адхіліў заяўку на правядзенне ў Мінску шэсця "Чарнобыльскi шлях", якое традыцыйна арганізуецца 26 красавіка, у дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пра гэта паведаміў адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Дзяніс Садоўскі, які з'яўляецца адным з арганізатараў акцыі.

Арганізатары акцыі планавалі сабрацца 26 красавіка ў 18:00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук і прайсці па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай капліцы. Менавіта па гэтым маршруце ў апошнія некалькі гадоў праходзіў «Чарнобыльскi шлях». Аднак у гэтым годзе Мінгарвыканкам палічыў дадзены маршрут «супрацьзаконным» і прапанаваў актывістам замест гэтага правесці толькі мітынг у парку Дружбы народаў з 18:00 да 20:00, перадае БелаПАН.

«Нам паведамілі, што збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы каля прэзідыума акадэміі навук забаронены. Забаронена таксама шэсце да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Карастаянавай. Адміністрацыя Мінску матывавала гэта рашэнне законам аб масавых мерапрыемствах, згодна з якім акцыі не могуць праходзіць бліжэй чым за 200 метраў ад уваходаў у метро і адміністрацыйных будынкаў», — распавёў Дзяніс Садоўскі.

Па словах прадстаўніка БХД, ніколі раней у арганізатараў акцыі «Чарнобыльскі шлях» праблем са зборам ля Акадэміі навук не ўзнікала. Між тым, шэсце ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі праходзіць у Мінску штогод з 1988 года. Аргкамітэт акцыі плануе сабрацца 20 красавіка, каб «вырашыць пытанне аб яе канчатковым фармаце».

Як раней перадаваў Тэлеграф, у гэтым годзе заяўку на правядзенне акцыі «Чарнобыльскі шлях» падаваў аргкамітэт па стварэнні партыі БХД, а не Партыя БНФ, якая заўсёды выступала арганізатарам шэсця. Актывісты Партыі БНФ у сваю чаргу замест ўдзелу ў традыцыйным шэсці плануюць ушанаваць памяць ахвяраў катастрофы наведваннем раёнаў, найбольш пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС. Падобнае рашэнне старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў тым, што ў апошнія гады «Чарнобыльскi шлях» «ператварыўся ў рытуальнае мерапрыемства», на якім палітыкі «займаюцца самарэкламай», а не праблемамі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Как вам новость?