Мінюст анулюе ліцэнзіі адвакатам фігурантаў "справы 19 снежня"

17.02.2011 11:04
Архив Редакция

Кваліфікацыйная камісія міністэрства юстыцыі Беларусі пазбавіла ліцэнзіі некалькіх адвакатаў, у тым ліку Алега Агеева, які абараняе экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які абвінавачваецца ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Пра гэта стала вядома 16 лютага, паведамілі Тэлеграфу ў прэс-службе Саюза "За мадэрнізацыю".

«Наколькі нам вядома, акрамя Алега, пазбаўленыя ліцэнзіі яго маці Таццяна Агеева, а таксама Уладзімір Тоўсцік і Тамара Гараева. Усе пазбаўленыя ліцэнзій адвакаты выступалі абаронцамі фігурантаў справы аб масавых беспарадках», — сказалі там.

Як адзначылі ў Саюзе «За мадэрнізацыю», 10 лютага ў юрыдычную кансультацыю Ленінскага раёну Мінску у 11:00 зайшоў супрацоўнік КДБ, які прад’явіў загадчыку арганізацыі ліст з просьбай накіраваць дакументы аб дзейнасці Алега Агеева, уключаючы яго асабовыя рахункі, у Камітэт дзяржбяспекі. Паколькі ніякай прававой падставы для такіх дзеянняў не было, кіраўнік кансультацыі адмовіўся даць якія-небудзь дакументы юрыста.

Уладзімір Халіп: Тоўсцік не адмаўляўся абараняць Ірыну

Па словах Уладзімір Халіп, бацькі журналісткі Ірыны Халіп, якая з’яўляецца жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, мінюст мае намер ануляваць ліцэнзіі яе былых адвакатаў, працаўнікоў юркансультацыі № 2 Савецкага раёна Мінску Уладзіміра Тоўсціка і Тамары Гараевай, «дастаткова цынічна».

«Афіцыйнай прычынай пазбаўлення лiцэнзii можа быць адмова адвакатаў абараняць маю дачку. У гэтым выпадку мінюст як бы рэагуе на публікацыі ў інтэрнэце і «ахоўвае» законнасць, паколькі адвакат не мае права адмовіцца абараняць кліента, калі заключыў з ім дамову», — цытуе Уладзіміра Халіпа БелаПАН.

Аднак сітуацыя склалася не па волі саміх адвакатаў, лічыць ён. «Уладзімір Тоўсцік наогул ніколі не адмаўляўся абараняць дачку. Так склаліся абставіны», — сказаў бацька Ірыны Халіп.

Мінюст, сапраўды, заявіў, што пазбаўляе адвакатаў ліцэнзій у сувязі з іх адмовай ад абароны кліентаў. Аднак, па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», не Уладзімір Тоўсцік адмовіўся абараняць Ірыну Халіп, а абвінавачаная адмовілася ад адваката пад ціскам КДБ.

«Больш за тое, адвакат Тоўсцік цяпер абскарджвае адхіленне яго як адваката ад вядзення справы Халіп, таму што адмова ад адваката і яго адхіленне з такой фармулёўкай ад справы адбылася з парушэннямі працэсуальных нормаў. Я мяркую, што і адвакат Тамара Гараева, якая таксама пазбаўленая ліцэнзіі за адмову ад абароны, зрабіла гэта не па сваім асабістым жаданні», — заявіў юрыст Валянцін Стэфановіч.

Ён таксама растлумачыў тэлеграфу, што для пазбаўлення адвакатаў ліцэнзій патрэбны подпіс міністра юстыцыі. «Яго, наколькі нам вядома, яшчэ няма. Рашэнне ануляваць адвакатам ліцэнзіі пакуль прыняла толькі кваліфікацыйная камісія мінюста, але яго павінен зацвердзіць кіраўнік ведамства», — сказаў юрыст.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, Ірына Халіп, якая з’яўляецца абвінавачанай па ч. 2 арт. 293 КК Беларусі (актыўны ўдзел у масавых беспарадках) і знаходзіцца пад хатнім арыштам, засталася без адвакатаў, з 5 лютага яе абараняе супрацоўніца юрыдычнай кансультацыі Фрунзенскага раёна сталіцы Ганна Бахціна.

Былая адвакатка Ірыны Халіп Тамара Гараева заявіла, што рашэнне не абараняць жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты яна «прыняла сама, без усякага знешняга ціску», аднак бацька журналісткі звязвае гэта менавіта з ціскам на адвакатаў.

Так, 29 снежня міністэрства юстыцыі Беларусі выступіла з заявай аб тым, што «некаторыя адвакаты затрыманых 19 снежня асобаў дапускаюць грубыя парушэнні правілаў прафесійнай этыкі адваката і дзейнага заканадаўства» і прыстрашыла «прыняць адпаведныя меры».

Ужо 4 студзеня калегія мінюста пацвердзіла рашэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі ануляваць адвакацкую ліцэнзію Валянціне Бусько, якая працавала ў Гарадзенскай абласной калегіі. Прычынай для пазбаўлення ліцэнзіі названа «парушэнне дзейнага заканадаўства ўдзелам у несанкцыянаваным мітынгу 19 снежня».

Калегія міністэрства юстыцыі мае прэтэнзіі і да іншых адвакатаў, якія абараняюць асобаў, што прымалі ўдзел у акцыях апазіцыі 19 і 20 снежня. У прыватнасці, да адваката мінскай гарадской калегіі Паўла Сапелкі, які абараняе экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Алег і Таццяна Агеевы таксама належаць да прэзідыуму Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Как вам новость?