Мінюст Беларусі папракнуў Расію ў ігнараванні іску па нафтапошлінах

03.09.2010 10:03
Архив Редакция

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь папракнула расійскі бок, які з'яўляецца адказчыкам у Эканамічным судзе СНД па іску аб неправамерным спагнанні вывазных мытных пошлінаў на пастаўляныя ў Беларусь нафтапрадукты, у тым, што ён да гэтага часу не даў водгуку на іскавую заяву Беларусі. Разгляд спрэчкі па сутнасці прызначаны на 7 верасня. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні мінюста Беларусі.

«У сваім звароце беларускі бок указаў канкрэтныя палажэнні міжнародных дамоваў, якія парушаны Расійскай Федэрацыяй з дапамогай аднабаковага (без якіх-небудзь паведамленняў беларускаму боку) спагнання з першага студзеня 2010 года мытных пошлінаў у дачыненні да цэлага шэрагу нафтапрадуктаў. У адпаведнасці з агульнапрызнанай сусветнай практыкай і працэдурамі Суда на заяву істца павінен быць прадстаўлены водгук адказчыка», — заявілі ў міністэрстве.

Па словах прадстаўнікоў мінюста, эканамічны суд СНД двойчы — 21 красавіка і 19 траўня 2010 года прадпісваў расійскаму боку прадставіць свой водгук, але ні Суд, ні беларускі бок пакуль не праінфармаваныя аб аргументах адказчыка. «Адразу ж пасля звароту нашай рэспублікі ў Суд у расійскіх сродках масавай інфармацыі агучвалася, што ў Расіі па дадзенай спрэчцы ёсць рэальныя прававыя перавагі.
Мабыць «прававых пераваг» так шмат, што іх не ўдалося сфармуляваць і сістэматызаваць за пяць месяцаў, якія прайшлі пасля звароту Беларусі ў Суд», — адзначылі ў беларускім міністэрстве.

Як паведамілі прадстаўнікі міністэрства юстыцыі, «у міжнародным праве прынята выконваць пастановы судоў, тым больш што Суд ЕўрАзЭС — асноўны і адзіны судовы орган Еўразійскай супольнасці, а таксама Мытнага саюза, які актыўна прасоўваецца расійскім бокам».

Як раней паведамляў Тэлеграф, міністэрства юстыцыі Беларусі ў судовым парадку патрабуе ад Расіі адмяніць вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты і пастаўляную на беларускія НПЗ расійскую нафтахімічную сыравіну. Адпаведную іскавую заяву мінюст накіраваў 25 сакавіка 2010 года ў Эканамічны суд СНД, які выконвае функцыі Суда ЕўрАзЭС і з першага ліпеня выконвае функцыі суда Мытнага саюза.

Как вам новость?
Головоломки